Хакеісты „Нёмана” і „Лакаматыва” дамагліся упэўненых перамог у стартавым туры



Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” і аршанскага „Лакаматыва” дамагліся ўпэўненых перамог у стартавым туры чэмпіянату Беларусі. Паядынак у Воршы праходзіў з перавагай гаспадароў, трэнерам якіх зноў стаў Ігар Жылінскі. У выніку, закінуўшы ў кожным з перыядаў па шайбе, „Лакаматыў” аформіў упэўненую перамогу 3:0 над „Брэстам” намаганнямі маладых хакеістаў Івана Някрасава, Аляксандра Чабана і Руслана Гайсіна. Гарадзенскі „Нёман” у першай за чатыры гады гульні супраць „Віцебска” скарыстаўся залішняй гасціннасцю „мядзведзяў” – 4:1. У пераможцаў закінутымі шайбамі адзначыліся Сяргей Маляўка, Мікіта Крыскін, Арцём Ляўша і Аляксандр Маляўка. У яшчэ адным матчы дня наваполацкі „Хімік” перамог „Ліду” – 3:1.

Артур Гаўрус пакінуў навакузнецкі „Металург”

Беларускі нападнік Артур Гаўрус пакінуў размяшчэнне навакузнецкага „Металурга”, перадае кемераўскі партал „Ваш горад”. Гаўрус папоўніў каманду Эдуарда Занкаўца летам, праходзіў зборы ў Саранску, але ніводнага афіцыйнага матчу не згуляў. Папярэдні сезон Гаўрус правёў у піцерскім „Дынама”: у 38 матчах форвард адзначыўся 21 (9 + 12) балам. У 20 сустрэчах Кубка Пятрова Гаўрус запісаў на свой рахунак яшчэ 7 (5 + 2) ачкоў.

Арына Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу US Open

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу адкрытага чэмпіянату ЗША. У матчы другога раўнду другая ракетка свету ўсяго за гадзіну без праблем абыграла славенскую тэнісістку Тамару Зіданшэк – 6:3, 6:1. Наступнай суперніцай беларускі будзе амерыканка Даніэль Колінз. Яшчэ адна беларуская тэнісістка, экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка ў другім раўндзе перайграла ў двух партыях італьянку Ясмін Пааліні – 6:3, 7:6 (7:1), а ў 1/16 фіналу сустрэнецца з іспанкай Гарбін Мугурусай.

Расейцы і харваты згулялі ўнічыю ў кваліфікацыі футбольнага мундыялю

Футбалісты зборнай Расеі згулялі ўнічыю з харватамі ў адборачным матчы чэмпіянату свету. Сустрэча на поле маскоўскага стадыёна „Лужнікі” прайшла з невялікай перавагай гасцей, яны больш атакавалі, але трапіць у браму расейцаў не змаглі. У іншых матчах кваліфікацыйнай групы Н футбалісты Славеніі і Славакіі ў Любляне таксама разышліся мірам – 1:1. Зборная Мальты нечакана разграміла кіпрыётаў з лікам 3:0. У групе А футбалісты Партугаліі святкавалі валявую перамогу над гасцямі з Ірландыі – 2:1. Аж да 89-й хвіліны гульні гаспадары прайгравалі, але ў канцоўцы сваё важкае слова сказаў іх лідар Крышціяну Раналду, які аформіў дубль. З такім жа вынікам зборная Люксембурга перамагла ў сябе дома азербайджанцаў. Зборныя Францыі і Босніі і Герцагавіны згулялі ўнічыю – 1:1. На гол Эдзіна Джэка адказаў Антуан Грызман. Зборныя Нідэрландаў і Нарвегіі таксама згулялі ўнічыю – 1:1. Холанд вывеў нарвежцаў наперад на 20-й хвіліне, яшчэ праз 16 хвілін Класэн зраўняў лік.

Стаў вядомы каляндар гульняў беларускіх баскетбалістаў у адборы на Чэмпіянат свету

Вызначыўся каляндар матчаў баскетбольнай зборнай Беларусі ў адборачным турніры мужчынскага чэмпіянату свету 2023 года. Свой першы паядынак у кваліфікацыйнай групе В беларусы правядуць 25 лістапада на сваёй пляцоўцы супраць каманды Турцыі, а 28 лістапада згуляюць у гасцях у зборнай Грэцыі. Астатнія матчы падначаленыя Расціслава Вергуна згуляюць у наступным годзе з Вялікабрытаніяй, Турцыяй і Грэцыяй. У наступны этап адборачнага турніру сусветнага першынства выйдуць па тры лепшыя каманды з васьмі груп.

Беларускае Радыё Рацыя