Хакеісты „Нёмана” перамаглі „Ліду” на турніры памяці Дубко



Гарадзенскі „Нёман” упэўнена перайграў „Ліду” ў матчы хакейнага турніру памяці Аляксандра Дубко. Паядынак завяршыўся з лікам 5:1. Гульня праходзіла пад дыктоўку шматразовых чэмпіёнаў Беларусі. Ужо на шостай хвіліне гульцам „Нёмана” ўдалася камбінацыя, якую ўзяццем брамкі завяршыў Арцём Ляўша. Менш чым праз 10 хвілін здарылася яшчэ адна галявая атака. Падвоіў перавагу гарадзенцаў абаронца Ігар Козячы. „Рыцары” імкнуліся акуратна гуляць у абароне, аднак без выдаленняў усё ж не абышлося. Трэцюю шайбу гарадзенцаў Віктар Пласцінін закінуў, рэалізаваўшы большасць. Эдуард Грынь давёў лік да 4:0. Лідская дружына змагла скараціць разрыў у ліку пасля выніковай камбінацыі, якую завяршыў дакладным кідком Мікіта Бастрыкін. А менш чым за дзве хвіліны да канца другога перыяду Ігар Варывончык адправіў пятую шайбу ў брамку „Ліды”. Такім чынам, пераможца спаборніцтваў у Гародні вызначыцца 1 жніўня ў матчы двух прынцыповых супернікаў – мясцовага „Нёмана” і сталічнага „Юнацтва”.

Забалотны і Ціманоўская выйгралі забегі на 100 м на чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы

Юрый Забалотны і Крысціна Ціманоўская выйгралі забегі на 100 м на чэмпіянаце Беларусі па лёгкай атлетыцы, які праходзіць на менскім стадыёне „Дынама”. Юрый Забалотны пераадолеў 100-метровую дыстанцыю за 10,32 секунды. Крысціна Ціманоўская паказала лепшы час у жанчын – 11,51 секунды. Ілля Карнавухаў і Дар’я Барысевіч заваявалі залатыя медалі ў бегу на 1500 м. Вячаслаў Скудны і Таццяна Шабанава перамаглі ў бегу на 3000 м з перашкодамі. Максім Недасекаў выйграў спаборніцтвы ў скачку ў вышыню. У сваёй лепшай спробе Максім пакарыў вышыню ў 2 метры 30 сантыметраў.

Матч за Суперкубак Беларусі па валейболе адменены

Матч за Суперкубак Беларусі па валейболе паміж лепшымі дружынамі мінулага сезона, сталічным „Будаўніком” і салігорскім „Шахцёрам”, адменены. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Беларускай федэрацыі валейбола. Паядынак павінен быў прайсці 9 верасня ў Салігорску. Аднак з-за таго, што ў чэмпіянаце краіны сезона 2019/2020 пераможцу не вызначылі, было прынята рашэнне сёлета трафей не разыгрываць. Што тычыцца тэрмінаў пачатку чэмпіянату Беларусі сярод мужчынскіх каманд, то ён, як і анансавалася раней, стартуе ў канцы верасня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота hclida.by