Хакеісты „Пітсбурга” сталі ўладальнікамі Кубка Стэнлі



Хакеісты „Пітсбурга” абыгралі на выездзе „Нэшвіл” з лікам 2:0 (0:0, 0:0. 2:0) і сталі ўладальнікамі Кубка Стэнлі.

Да заключных мінут трэцяга перыяду на табло гарэлі стартавыя нулі. Толькі на 59-й мінуце напружанага матчу шведскі нападаючы пінгвінаў Патрык Хорнквіст удачна згуляў на пятачку ля варот саперніка, адправіўшы шайбу ў сетку варот. Канчатковы лік, паразіўшы пустыя вароты „Нэшвіла” на 60-й мінуце, устанавіў Карл Хагелін.

„Пітсбург” выйграў фінальную серыю да чатырох перамог 4:2 і другі год запар стаў уладальнікам Кубка Стэнлі.

Нападаючы і капітан пераможцаў Сідні Кросбі таксама другі год запар прызнаны самым каштоўным іграком у плэй-оф і атрымаў прыз „Кон Смайт Трофі”. Ён набраў 27 (8+19) ачкоў у 24 матчах на выбыванне.

Расейскі нападаючы Яўген Малкін трэці раз стаў уладальнікам Кубка Стэнлі. „Пітсбург” пяты раз у сваёй гісторыі выйграў ганаровы тытул. Раней гэты клуб перамагаў у фінале плэй-оф НХЛ у 1991, 1992, 2009 і 2016 гадах.

belta.by