Хакеісты „Шахцёра” ўмацавалі лідарства ў экстралізе



Хакеісты „Шахцёра” перамаглі на выездзе „Дынама- Маладзечна” з лікам 2:1 (1:0, 0:1, 1:0) і ўмацавалі лідарства ў экстралізе.

Гарнякі адкрылі лік на 9-й мінуце першага перыяду, рэалізаваўшы колькасную перавагу. Аўтарам гола стаў Давыд Ружычка. У другія дваццаць мінут сустрэчы прадстаўнікі Маладзечна значна прыбавілі ў скорасці, мелі нямала шанцаў, каб закінуць шайбу, але вызначыліся толькі аднойчы. На 27-й мінуце Ілья Летаў выйшаў сам-насам з галкіперам Максімам Малюціным і ўпэўнена перамог варатара – 1:1. Асноўны час матчу мог завяршыцца нічыйным рэзультатам. Толькі на 59-й мінуце быў устаноўлены канчатковы лік. „Шахцёр” у гэты момант дзейнічаў у большасці. Давыд Ружычка выйграў укідванне ў зоне дынамаўцаў, зрабіў перадачу на Віктара Андрушчанку, які застаўся без апекі абаронцаў і нанёс дакладны кідок. Варатар гаспадароў Міхаіл Карнавухаў, прызваны з асноўнага складу мінскага „Дынама” дапамагчы маладзечанцам, у гэтым эпізодзе не дапамог – 2:1.

Астатнія матчы тура завяршыліся з наступнымі рэзультатамі: „Брэст” – „Металург-Жлобін” – 1:3, „Магілёў” – „Гомель” – 0:7, „Ліда” – „Хімік” – 4:3 (у авертайме), „Нёман” – „Віцебск” – 6:0.

Турнірнае становішча: 1. „Шахцёр” – 56 ачкоў (20 матчаў). 2. „Юнацтва” – 51 (19). 3. „Гомель” – 44 (20). 4. „Нёман” – 42 (18). 5.”Дынама-Маладзечна” – 34 (21). 6. „Беларусь U-20” – 32 (20). 7. „Металург” – 30 (20). 8. „Ліда” – 25 (21). 9. „Хімік” (Наваполацк) – 20 (21). 10. „Магілёў” – 15 (21). 11. „Віцебск” – 12 (21). 12. „Брэст” – 4 (21).

Чарговыя матчы ў экстралізе адбудуцца 25 лістапада.

Першы этап у экстралізе завершыцца 2 снежня гульнёй „Гомель” – „Нёман”, пасля чаго 12 каманд будуць падзелены на дзве падгрупы („А”, „Б”) і згуляюць у чатыры кругі. У першую ўвойдуць клубы, якія зоймуць месцы з першага па шостае, у другую – з сёмага па дванаццатае. Па выніках гэтай стадыі шэсць каманд падгрупы „А” і дзве лепшыя з падгрупы „Б” выступяць у плэй-оф экстралігі.

belta.by