Хакеісты „Юнацтва” сталі дзесяціразовымі чэмпіёнамі Беларусі



Хакеісты „Юнацтва” абыгралі у авертайме „Гомель” 4:3 ў чацвёртым матчы фінальнай серыі плэй-оф чэмпіяната Беларусі.

На чацвёртай хвіліне гульні свой момант выкарыстаў Максім Парфеявец.  На 12-й хвіліне стартавага адрэзка гульні, „рысі” змаглі адыграцца. Сяргея Бальшакова прымусіў капітуляваць Алег Качалоўскі. Аднак радасць гомельскіх заўзятараў была нядоўгай. Праз 11 секунд „Юнацтва” зноў выйшла наперад дзякуючы голу Максіма Расейкіна.

У другім перыядзе гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі, а ў трэцім  „рысям” удалося зноў зраўняць лік дзякуючы шайбе Максіма Магалецкага. Зрэшты, нічыйны вынік гамяльчанам удалося захаваць не больш за пяць хвілін. Менскую дружыну вывеў наперад Міхаіл Стэфановіч. Аднак гэтая шайба не стала пераможнай. Настойлівыя атакі гамяльчан прывялі да голу Уладзіслава Бойкі незадоўга да фінальнай сірэны. У выніку, лёс матчу вырашыўся ў авертайме. Чэмпіёнскую шайбу закінуў Сяргей Дрозд. Такім чынам, „Юнацтва” выйграла чэмпіянат Беларусі дзясяты раз. Сем перамог на рахунку гарадзенскага „Нёмана”. Чатыры разы першым быў менскі „Цівалі”, па два разы чэмпіёнамі станавіліся менскі „Керамін” і наваполацкі „Хімік”, па разу – менскае „Дынама”, жлобінскі „Металург”, салігорскі „Шахцёр” і „Гомель”.

„Шахцёр” і БАТЭ выйшлі у паўфінал футбольнага Кубка Беларусі

У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе прайшлі заключныя сустрэчы чвэрцьфінальнай стадыі. У першай з іх чэмпіёны краіны футбалісты салігорскага „Шахцёра” саступілі ў Гародні мясцоваму „Нёману” з лікам 1:2, але прайшлі далей, так як месяц таму перамаглі гарадзенцаў на сваім полі 3:0. Дзеючы ўладальнік кубка барысаўскі БАТЭ пасля перамогі на хатняй арэне 2:1 святкаваў перамогу і ў гасцях над „Віцебскам” з лікам 3:2.  Раней у паўфінал прабіліся футбалісты жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа” і „Іслачы”. Лёсаванне паўфінальных пар адбудзецца сёння ў сталічным Доме футбола. Першыя паўфінальныя матчы пройдуць 20-21 красавіка.

«ПСЖ» і «Чэлсі» перамаглі у першых матчах 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў

У першым матчы 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў «Баварыя» прымала «Пары Сэн-Жэрмэн» на стадыёне «Альянц Арэна» і прайграла з лікам 2:3. Ужо на трэцяй хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «ПСЖ» Кіліан Мбапэ. На 28-й хвіліне Маркіньёс умацаваў перавагу гасцей – абодва разы партнёрам асіставаў Неймар. На 37-й хвіліне нападнік Эрык Шупо-Матынг скараціў адставанне мюнхенскай каманды. У другім тайме, на 60-й хвіліне, форвард мюнхенцаў Томас Мюлер аднавіў раўнавагу,  а праз восем хвілін Мбапэ аформіў дубль і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы. У паралельным матчы «Чэлсі» перайграў «Порту» на стадыёне «Рамон Санчэс Пісхуан» у Севільі з лікам 2:0. Паўабаронца «Чэлсі» Мэйсан Маунт адкрыў лік у матчы на 32-й хвіліне. У канцоўцы сустрэчы Бенджамін Чылуэл абакраў суперніка ля кута штрафной, на рыўку прарваўся да брамы, абыграў брамніка і закаціў мяч у сетку.

Герасімаў завяршыў выступленне на тэнісным турніры ў Кальяры

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў завяршыў выступы на турніры ў італьянскім Кальяры з прызавым фондам больш за 408 тысяч еўра.

Беларус у матчы 1/8 фіналу за дзве гадзiны саступіў у дзвюх партыях славенскаму тэнісісту Альяжу Бедэнэ – 4:6, 6:7 (5: 7).

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ХК „Юнацтва”