Хакеісты „Юнацтва” ўзначалілі турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі
Хакеісты „Юнацтва” абыгралі „Металург-Жлобін” і ўзначалілі турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі. Сустрэча на „Чыжоўка-Арэне” завяршылася на карысць падначаленых Аляксандра Макрыцкага з лікам 5:1. Менчане ўжо ў першым перыядзе прадэманстравалі сур’ёзнасць сваіх намераў. На 11-й хвіліне лік адкрыў Міхаіл Стэфановіч, а праз хвіліну з невялікім Аляксей Вінаградаў адправіў другую шайбу ў брамку „сталёвых ваўкоў”.
У другім перыядзе гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі, а вось пасля другога перапынку менчане яшчэ тройчы прымусілі капітуляваць брамніка супернікаў. Вызначыліся Максім Парфеявец, Дзяніс Мінгалееў і Уладзіслаў Бойка. Гульцы са Жлобіна на гэтыя галы адказалі толькі адным дакладным кідком Віталя Пінчука. Такім чынам, калі не лічыць два тэхнічныя выйгрышы, пераможная серыя „Юнацтва” дасягнула 11 гульняў. Скарыстаўшыся паразай „Гомеля” ад салігорскага „Шахцёра” – 1:5, „Юнацтва” ўзначаліла турнірную табліцу чэмпіянату краіны. Што тычыцца астатніх вынікаў гульнявога дня, то аршанскі „Лакаматыў” мінімальна адолеў гарадзенскі „Нёман” – 1:0, а „Дынама-Маладзечна” у гасцях разграміла ХК „Магілёў” – 6:1.
Жаночая зборная Беларусі саступіла Паўночнай Ірландыі ў кваліфікацыі Еўра-2022
У матчы кваліфікацыі жаночага чэмпіянату Еўропы-2022 зборная Беларусі на выездзе апынулася слабей за Паўночную Ірландыю – 2:3.
Дублем у складзе нашай каманды адзначылася Анастасія Шчарбачэня. Таксама аўтагол на свой рахунак запісала Наталля Васкабовіч.
У табліцы групы С зборная Беларусі займае чацвёртае месца, маючы ў актыве шэсць ачкоў. Паўночная Ірландыя з 11 баламі ідзе другой.
У наступным туры беларускі згуляюць на выездзе супраць каманды Уэльса.
Заўзятары „Інтэра” заклікаюць кіраўніцтва клуба звольніць Антоніа Контэ
У Twitter набірае папулярнасць трэнд #ConteOut пасля таго, як міланцы саступілі ў Лізе чэмпіёнаў „Рэалу” 0:2. Італьянскі клуб набраў два ачкі ў чатырох матчах і рызыкуе застацца без еўракубкаў вясной. Пры гэтым кіраўніцтва „Інтэра” не мае намеру звальняць Контэ, як і сам спецыяліст не збіраецца пакідаць сваю пасаду, перадае sport-express.ru.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
