Халадовіч заняла 6-е месца, Дудараў і Недасекаў прайшлі ў фіналы



Беларуская кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч заняла 6-е месца на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Досе. Пасля трэцяга разу дзіда беларускі паляцела на 62 м 54 см. Такім чынам, яна замацавалася ў ліку спартовак, якія выконвалі яшчэ па тры спробы. Аднак вышэй за шостае месца падняцца ў выніковым пратаколе Таццяна не змагла. Трэцяя спроба засталася для Халадовіч лепшай. Золата заваявала аўстралійка Келсо Лі-Барбер з вынікам 66 м 56 см. Беларускі спартовец Глеб Дудараў, які выступаў у кіданні молата ў групе А, выйшаў у фінал гэтага віду праграмы. Дудараў у сваёй лепшай спробе змог адправіць снарад на 76 м 28 см і заняў 11-е месца па выніках адбору. Ён стаў удзельнікам вырашальнай стадыі планетарнага першынства, трапіўшы ў топ-12 спартоўцаў. Яшчэ адзін беларускі кідальнік молата Захар Махросенка, які выступаў у групе В, застаўся за парогам медалёвай стадыі спаборніцтваў. Яго вынік – 74 м 84 см. У лідарах палякі Павел Файдэк з вынікам 79 м 24 см і Войцэх Навіцкі – 77 м 89 см. Уладальнік лепшага выніку сезону ў скачках у вышыню беларус Максім Недасекаў таксама прайшоў у фінал. Пропускам для спартоўца стаў вынік 2 м 26 см. Яго калега па зборнай Дзмітрый Набокаў з аналагічным вынікам выбыў з ліку прэтэндэнтаў на ўзнагароды планетарнага першынства па дадатковых паказчыках. Для большасці атлетаў пропускам у вырашальную стадыю спаборніцтваў стаў вынік 2 м 29 см.

«Дынама» у авертайме перамагло «Сочы»

Хакеісты менскага «Дынама» у авертайме выйгралі ў «Сочы» у хатнім матчы Кантынентальнай хакейнай лігі – 2:1. У складзе зуброў адзначыліся Цеему Пулкінен і Арцём Дзямкоў, які ўсталяваў канчатковы лік матчу. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта правядуць на Менск-Арэне з чалябінскім «Трактарам» 3 кастрычніка і казанскім «Ак Барсам» 6 кастрычніка.

Шайба Міцкевіча прынесла перамогу «Юнацтву»

Хакеісты «Юнацтва» ў матчы чэмпіянату Беларусі з цяжкасцю абыгралі ў гасцях «Ліду», даціснуўшы супернікаў толькі ў авертайме. У адрозненне матчу гэтых дружын у сталіцы, які завяршыўся з лікам 8: 0 на карысць менчукоў, на гэты раз шматразовыя чэмпіёнаў Беларусі не парадавалі выніковасцю сваіх заўзятараў. Зрэшты, «Ліда» традыцыйна з’яўляецца моцным арэшкам на хатняй арэне. Лёс матчу вырашыўся ў авертайме. Мікіта Міцкевіч з «Юнацтва» на трэцяй хвіліне дадатковага часу адправіў шайбу ў брамку супернікаў 1:0.

Разгром «Тотэнхэма» ад «Баварыі» і нічыя «Рэала» у матчы з «Бруге» – прайшлі першыя матчы 2-га тура Лігі чэмпіёнаў

На футбольных арэнах Еўропы прайшлі першыя матчы 2-га тура Лігі чэмпіёнаў. Галоўная сенсацыя гульнявога дня ледзь не адбылася ў Мадрыдзе, дзе самы тытулаваны клуб Старога Свету мадрыдскі «Рэал» пасля разгромнай выязной паразы ад «Пары Сэн-Жэрмэн» з лікам 0:3 прымаў бельгійскі «Бруге» і змог з цяжкасцю вырваць нічыю – 2:2. Пасля таго, як прайграючы 0:2 капітан Серхіа Рамас і Каземіра выратавалі мадрыдцаў ад другой паразы запар. У другім матчы групы турэцкі «Галатасарай» саступіў у Стамбуле «Пары Сэн-Жэрмэн» з мінімальным лікам 0:1. Самы нечаканы вынік быў зафіксаваны ў Англіі. Дзеючы фіналіст Лігі чэмпіёнаў «Тотэнхэм» умудрыўся саступіць «Баварыі» з хакейным лікам – 2:7. Паўабаронца мюнхенскага клуба Серж Гнабры адзначыўся покерам, дубль на рахунку польскага нападніка Роберта Левандоўскі. «Тотэнхэм» пацярпеў самую буйную паразу ў Лізе чэмпіёнаў у клубнай гісторыі. У квартэце С чэмпіён Украіны данецкі «Шахцёр» пасля хатняга фіяска ад «Манчэстар Сіці» гуляў у Мілане з яшчэ адным няўдачнікам першага тура італьянскай «Аталанта». На 5-й кампенсаванай хвіліне другога тайма ізраільскі нападнік «гарнякоў» Манор Саламон прынёс «Шахцёру» перамогу – 2:1. У іншым матчы групы «Манчэстэр Сіці» абыграў загрэбскае «Дынама» 2:0. У групе D маскоўскі «Лакаматыў» на сваім полі прадказальна саступіў іспанскаму «Атлетыка» 0:2, а італьянскі «Ювентус», дзякуючы галам Ігуаіна, Бернардэскі і Раналду ў Турыне разграміў нямецкі «Байер» 3:0.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя