„Хімік” абыграў „Ліду” у матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі



Наваполацкі „Хімік” на чужым лёдзе апынуўся мацней за „Ліду” у чарговым матчы другога этапа беларускай экстралігі. Сустрэча скончылася з лікам 5:3. Госці павялі ў дзве шайбы ўжо да чацвёртай хвіліны, аднак да канца стартавай трэці лічбы на табло зраўняліся – 2:2. На экватары паядынку „Хімік” зноў выйшаў наперад, але радаваліся госці нядоўга. „Лідзе” спатрэбілася ўсяго 40 секунд, каб аднавіць парытэт. Тым не менш на другі перапынак госці ўсё ж такі пайшлі лідарамі – 4:3. У „рыцараў” было 20 хвілін, каб адыграцца трэці раз, але замест гэтага гаспадары прапусцілі. Дубль аформіў форвард „Хіміка” Вадзім Мароз. Гэтая параза стала для „Ліды” 16-й запар, навапалачане ж набралі першыя ачкі ў другім этапе экстралігі. У іншым матчы чацвярга „Лакаматыў” на хатняй арэне адолеў „Дынама-Маладзечна” – 1:0. Адзіную шайбу правёў нападнік гаспадароў Артур Абметка. А ў Магілёве мясцовы клуб не выстаяў перад „Брэстам” – 1:2. Зыход сустрэчы вырашыўся ў авертайме, дзе перамогу берасцейцам прынёс Данііл Шчогалеў.

У спісе траўміраваных менскага Дынама застаўся толькі Кемпэ

Нападнік Марыё Кемпэ застаўся адзіным гульцом менскага Дынама, які знаходзіцца ў спісе траўмаваных.

Усе астатнія хакеісты „зуброў” акрыялі і гатовы да аднаўлення трэніровак. Напярэдадні спіс траўмаваных каманды пакінулі 19 гульцоў.

У табліцы Заходняй канферэнцыі Дынама займае восьмае месца, маючы ў актыве 54 балы. Нагадаю, КХЛ прыпыніла рэгулярны чэмпіянат з 15 студзеня. Інфармацыі аб тэрмінах і фармаце аднаўлення турніру на дадзены момант няма.

Прэзідэнт Польскага футбольнага саюза заявіў, што Шаўчэнка яшчэ можа ўзначаліць зборную краіны

Паводле слоў прэзідэнта Польскага футбольнага саюза Цэзарыя Кулешы, пытанне з магчымым прызначэннем Андрэя Шаўчэнкі галоўным трэнерам зборнай Польшчы яшчэ не закрытае.

Раней украінскі журналіст Ігар Цыганык паведаміў, што ўкраінскі спецыяліст не зможа атрымаць новую пасаду, бо не змог дамовіцца з „Джэноа” аб скасаванні кантракта. Па словах Кулешы, гэта не адпавядае рэчаіснасці. „Абодва бакі да гэтага часу вядуць перамовы”, — пракаментаваў прэзідэнт гэтую навіну для sport.pl. Ён упершыню публічна прызнаў, што перамовы з Шаўчэнка сапраўды вядуцца. Такім чынам Кулеша даў зразумець, што ў гэтым пытанні не ўсё страчана.

Выданне паказвае, што калі пытанне з прызначэннем Шаўчэнкі не ўдасца вырашыць станоўча, то на пасаду галоўнага трэнера зборнай, хутчэй за ўсё, вернецца Адам Навалка. У СМІ таксама раней згадвалася кандыдатура Яна Урбана. Зборная Польшчы згуляе са зборнай Расіі ў паўфінальным стыкавым матчы за выхад на ЧС-2022. Матч адбудзецца 24 сакавіка.

Алімпійскія вёскі ў Пекіне афіцыйна адкрыты

У Пекіне адбылося афіцыйнае адкрыццё Алімпійскіх вёсак – аб’екты прымаюць спартоўцаў, чальцоў дэлегацый і журналістаў з усяго свету.

Спаборніцтвы Гульняў-2022 будуць праходзіць адразу ў трох кластарах: у Пекіне, павеце Яньцын і горадзе Чжанцзякоў. У кожным з іх пабудавана вёска для размяшчэння дэлегацый, у суме яны змогуць прыняць каля 5,5 тысяч спартоўцаў і чальцоў нацыянальных каманд. Тры вёскі часткова прыступілі да працы і пачалі прымаць першыя дэлегацыі 23 студзеня. У першы дзень туды заехалі прадстаўнікі Кітая, Аўстраліі, Канады, ЗША, Фінляндыі ды іншых краін. Першая група беларускай алімпійскай дэлегацыі прыляцела ў Пекін напярэдадні – у яе склад увайшлі мужчынская біятлонная каманда, шэф беларускай місіі Аляксандр Гагіеў, а таксама медыцынская група. Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Пекіне з 4 па 20 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]