Храмянкоў выйграў бронзу моладзевага чэмпіяната свету



Беларускі барэц вольнага стылю Дзяніс Храмянкоў, які выступае ў вагавай катэгорыі 97 кг, выйграў бронзу моладзевага чэмпіянату свету ў Будапешце.

На шляху да ўзнагароды беларус, які прыехаў на турнір у рангу дзеючага чэмпіёна свету сярод моладзі, выйграў у амерыканца  16:6, канадскага змагара 10:7. На жаль, паўфінальны паядынак супраць іранца прайшоў не пад дыктоўку беларуса, які быў вымушаны прызнаць паразу 2:8. У спрэчцы за бронзу беларус перамог грузіна Гіві Мачарашвілі. Астатнія беларускія барцы вольнага стылю, якія выступалі на моладзевым першынстве свету ў Будапешце, спыніліся на першых стадыях турніра.

11 дзюдаістаў з Беларусі выступяць на моладзевым еўрачэмпіянаце

У чэмпіянаце Еўропы па дзюдо сярод спартоўцаў ва ўзросце да 23 гадоў, які пройдзе з 1 па 3 лістапада ў Іжэўску, прымуць удзел 11 беларускіх атлетаў. З беларускіх хлопцаў за медалі турніру паспрачаюцца Дзмітрый Мужайла, Конрад Шока (абодва ў вагавай катэгорыі 66 кг), Іван Дубіна, Аляксандр Сідорык (абодва 90 кг), Даніэл Мукетэ, Антон Сачыловіч (абодва 100 кг) і Ягор Кухарэнка з Багданам Войцікам у вазе звыш 100 кг. Таксама на татамі выйдуць іх партнёркі па камандзе Ульяна Мінянкова (вага 57 кг), Жанна Асіповіч і Вікторыя Новікава (абедзве 70 кг). Удзел у турніры возьмуць больш за 300 дзюдаістаў з 40 краін Еўропы.

«Нёман» аказаўся мацней за «Гомель»

Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі „Гомель” у гасцявым матчы чэмпіянату Беларусі – 4:3. У складзе пераможцаў закінутымі шайбамі адзначыліся  Антон Елісеенка,  Раман Маліноўскі, Арцём Кіслы і Аляксандр Маляўка.  У іншых матчах чэмпіянату Беларусі „Магілёў” саступіў у хатнім супрацьстаянні салігорскаму „Шахцёру” – 1:5, жлобінскі „Металург” аказаўся мацней за „Ліду” – 5:2, менскае „Юнацтва” разграміла „Дынама-Маладзечна” – 5:0.

Сэйв Энрата сярод лепшых у КХЛ

Сэйв галкіпера менскага „Дынама” Юнаса Энрата заняў трэцяе месца ў рэйтынгу лепшых 8-га тыдня КХЛ. Швед выратаваў брамку „зуброў” у матчы з рыжскім „Дынама”, эфектна зрэагаваўшы на складаны кідок Картэра Эштана. Усяго ў паядынку са „львамі” брамнік здзейсніў 12 сэйваў, прапусціўшы дзве шайбы. Менчукі былі вымушаныя прызнаць паразу ад рыжскіх аднаклубнікаў з лікам 1:2. У гэтым сезоне ў сярэднім за матч  Юнас Энрат парыруе  90% кідкоў.

Дубль Месі дапамог «Барсе» абыграць «Вальядалід»

У матчы 11-га тура іспанскай Прымеры «Барселона» разграміла на «Камп Ноў»  «Вальядалід» 5:1. Галамі ў складзе каталонскай каманды адзначыліся абаронца Клеман Лангле, паўабаронца Артура Відаль, а таксама нападнікі Луіс Суарэс і Ліянэль Месі, які аформіў дубль у гэтай сустрэчы. Адзін з галоў стаў 50-м для Месі ў кар’еры, забітым прамым ударам са штрафнога.  «Барселона» набрала 22 ачкі і паднялася на 1-е месца ў турнірнай табліцы.

Баскетбалісты даведаліся супернікаў па адборы да чэмпіяната свету

Адбылося лёсаванне першага кваліфікацыйнага раўнда мужчынскага баскетбольнага чэмпіянату свету-2023. На гэтай стадыі ў барацьбу ўступяць восем удзельнікаў, уключна са зборнай Беларусі, якая трапіла ў адзін квартэт з камандамі Партугаліі, Кіпра і Албаніі. Па выніках двухраўндавага турніру з раз’ездамі, які пройдзе з лютага 2020 года па люты 2021-га, у наступную стадыю адбору праб’юцца па дзве наймацнейшыя каманды кожнай з дзвюх груп. Фінальны турнір пройдзе адразу ў трох краінах – Інданезіі, Японіі і Філіпінах.

У сетцы з’явілася петыцыя з прапановай назваць вуліцу ў Барысаве імем Андрэя Арамнава

У інтэрнэце з’явілася петыцыя, у якой прапануецца назваць адну з вуліц Барысава імем алімпійскага чэмпіёна Андрэя Арамнава, які з’яўляецца выхадцам гэтага горада. «У Барысаве ёсць мноства вуліц, якія носяць назвы людзей, якія не маюць да горада ніякага дачынення. Тады як карэнныя барысаўчане часцяком па-за ўвагай з боку гарадскіх і рэспубліканскіх уладаў. Адзін з такіх – чэмпіён XXIX летніх Алімпійскіх гульняў, якія праходзілі ў Пекіне ў 2008 годзе, выбітны цяжкаатлет, неаднаразовы рэкардсмен свету – Андрэй Арамнаў», – гаворыцца ў тэксце звароту.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БФБ