Хто даў загад забраць футбольны клуб у бізнесмена Чыжа?



Палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька распавёў, як справядлівы беларускі суд бясплатна забраў у апальнага бізнесмена Юрыя Чыжа футбольны клуб.

Нагадаем, што 22 траўня ў Эканамічным судзе Менска праходзілі слуханні па пазове галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама да сталічнага «Дынама».

Суд задаволіў пазоў аб адмене рашэння ЗАТ «Дынама» Менск аб выпуску 108 простых акцый, прынятае ў снежні 1999 года, калі «Трайпл», асноўным уладальнікам якога з’яўляецца Юрый Чыж, увайшоў у склад заснавальнікаў і атрымаў 40 акцый «Дынама». Такім чынам, клуб у бізнесмена забралі бясплатна, хаця рашэнне яшчэ можа быць абскарджана.

Анатоль Лябедзька: Па-першае, як да Чыжа прыйшла гэтая маёмасць (а яе забралі ў іншага бізнесмена), так і сышла. Па-другое, такія кілерскія захопы маёмасці сведчаць пра недасканалае беларускае заканадаўства і абсалютна непрыстойную правапрымяняльную практыку.

Мы ўбачылі, што ў нас не дзейнічае ні Канстытуцыя, ні закон. У нас большую сілу маюць не дэкрэты і указы, а просты тэлефонны званок зверху, альбо вуснае распараджэнне. І любы Чыж альбо Варона можа патрапіць пад гэты рэпрэсіўны каток, якому ніякія законы не патрэбны.

РР: Увогуле, даволі небяспечны прэцэдэнт…

Анатоль Лябедзька: Ён не першы і не апошні, таму здзіўляцца тут не варта. Заўсёды калі ўзнікае канфлікт інтарэсаў грамадзяніна і дзяржавы, выйграе дзяржава. Сёння, як бачым, спатрэбілася футбольны клуб “Дынама” бясплатна перадаць патрэбным людзям. А бізнесмен Чыж пасля таго, як пабываў у СІЗА КДБ, ужо не сярод фаварытаў.

Відаць, ён ужо не гуляе ў хакей з беларускім кіраўніком і не парыцца з ім у лазні. А значыцца, у яго можна ўсё забраць. Калі б было інакш, ніякім судам да гэтага клуба яшчэ дваццаць гадоў не было б ніякай справы. Але быў загад забраць клуб, і яго выканалі ў момант. І я здагадваюся, хто аддаваў гэты загад.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя