Хто мацнейшы: віцэ-чэмпіён Беларусі ці Польшчы?



Гэта вызначалі сёння ў Беластоку ў таварыскім матчы паміж салігорскім «Шахцёрам» і мясцовай «Ягелоніяй». Каманды былі аслабленыя па розных прычынах вядучымі гульцамі – траўмы, хваробы і выклікі ў зборныя не дазволілі выставіць найлепшыя склады. У першым тайме салігорцы не змаглі рэалізаваць гульнявую перавагу, да таго ж і абаронца Павел Рыбак скіраваў мяч ва ўласную браму. А ў сярэдзіне другога тайма канчатковы лік 2:0 з перадачы шатландца Зігі Гордана ўсталяваў ірландскі нападнік Кіліан Шэрыдан. Лік сустрэчы 2:0. Каментуе трэнер «Ягі» Ірэніуш Мамрот.

– Шкада, што інфекцыя зрабіла немагчымым удзел у матчы іншых гульцоў. Бо мы хацелі б, каб яны ўсе згулялі. Ну, і няма чаго хаваць: былі слабыя моманты ў гульні, асабліва ў першай палове. У другой палове было ўжо лепей. Вынікам матча я задаволены.

Задаволены гульнёй, а не вынікам польскі трэнер “Шахцёра” Марэк Зуб адзначыў агульныя карысці ад такіх спарынгаў.

Для мяне найважнейшым ёсць кантакты. Не толькі з Польшчай, але і з суседзямі: Літвой, Латвіяй. Калі будзе такі шанец, то буду шукаць магчымасці. Гэта вельмі добрая школа, ад такіх матчаў шмат карысці. Гэта і іншае стаўленне гульцоў. Ды і магчымасць выйграць матч на такім стадыёне – гэта таксама важны элемент. Вынік таксама важны, бо гуляеш, каб выйграць. Але так склалася, што калі б мы лічылі моманты, каб забіць гол, то хіба былі б лепшымі.  

Для «Ягелоніі» перамога ў матчы з «Шахцёрам» можа ўзняць настрой у камандзе перад ліговым матчам з познаньскім «Лехам» 13 кастрычніка. «Шахцёр» жа працягне рыхтавацца да хатняй гульні з адным з галоўных канкурэнтаў за золата чэмпіянату Беларусі сталічным «Дынама». Матч адбудзецца 14 кастрычніка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток