Кіеўскае „Дынама” прайграла „Барселоне”
Аўтсайдэры квартэта Е Лігі чэмпіёнаў футбалісты кіеўскага „Дынама” на сваёй арэне саступілі іспанскай „Барселоне” – 0:1. Адзіны мяч забіў 19-гадовы форвард гасцей Ансу Фаці. У паядынку 3-га тура кіяўляне прайгралі „Барсе” на „Камп Ноў” з такім жа лікам. Безумоўныя лідары групы футбалісты нямецкай „Баварыі” у Мюнхене разграмілі партугальскую „Бенфіку” – 5:2. Польскі нападнік чэмпіёна Германіі Роберт Левандоўскі аформіў хет-трык і выйшаў у лідары бамбардзірскай гонкі, забіўшы 8 мячоў. Баварскі клуб забраніраваў сабе пуцёўку ў плей-оф. Футбалісты піцерскага „Зеніта” другі раз запар прайгралі „Ювентусу”. Пасля мінімальнай хатняй паразы 0:1 у Турыне чэмпіён Расеі саступіў з лікам 2:4. У складзе „Старой сіьёры” два галы забіў Паўла Дзібала – адзін з пенальці, аўтагол на рахунку Леанарда Банучы, таксама адзначыліся Федэрыка К’еза і Альвара Марата, а ў канцы сустрэчы ў складзе „Зеніта” яшчэ адзін мяч адыграў Сердар Азмун. „Ювентус” забяспечыў сабе выхад у 1/8 фіналу. У іншым паядынку дзеючы пераможца Лігі чэмпіёнаў лонданскі „Чэлсі” у гасцях нанёс чацвёртую паразу аўтсайдэру „Мальме” – 1:0. Пераможны мяч на 56-й хвіліне гульні забіў Хакім Зіеш. У іншых гульнях 4-га тура „Манчэстэр Юнайтэд” пазбег у гасцях паразы ад „Аталанты” дзякуючы дублю Крышціяну Раналду – 2:2, „Вільярэал” абыграў „Янг Бойз” – 2:0. „Вольфсбург” быў мацней за „Зальцбург” – 2:1, а „Севілья” саступіла „Лілю” – 1:2.
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі маскоўскім аднаклубнікам
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі маскоўскім аднаклубнікам у матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася з лікам 3:7. У складзе „зуброў” двума закінутымі шайбамі адзначыўся Ілля Усаў, яшчэ адзін гол на рахунку Арцёма Дзямкова.
Крэйг Вудкрафт далей будзе кіраваць зборнай Беларусі па хакеі
Федэрацыяй хакея Беларусі сфармаваны трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай, які будзе працаваць з камандай у бліжэйшы час. Галоўным трэнерам зборнай на працягу ўсяго цыкла застанецца Крэйг Вудкрафт, яго асістэнтам у лістападаўскую міжнародную паўзу стане Канстанцін Кальцоў. З 11 па 13 лістапада зборная Беларусі прыме ўдзел у міжнародным таварыскім Турніры чатырох нацый у Славеніі, дзе згуляе з камандай гаспадароў і зборнымі Францыі і Аўстрыі.
„Цмокi-Мінск” выйгралі восьмы матч запар у чэмпіянаце Беларусі
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” святкавалі чарговую вікторыю ў чэмпіянаце Беларусі. У сваім восьмым паядынку чэмпіёны краіны разграмілі маладзёжную каманду „цмокаў” з перавагай у 26 ачкоў – 84:58. У іншым матчы баскетбалісты віцебскага „Рубона” без асаблівых праблем разабраліся на выездзе з „Гродна-93-ГрДУ”- 112:67. Сёння ў Берасці мясцовая „Вікторыя” сустрэнецца з „Гродна-93”, а „Гомельскія рысі” прымуць на сваёй пляцоўцы сталічны „Імпульс-БДУІР”.
Беларускае Радыё Рацыя
