Кіеўскае „Дынама” прайграла „Баварыі” ў Лізе чэмпіёнаў
У чатырох групах футбольнай Лігі чэмпіёнаў прайшлі сустрэчы перадапошняга, 5-га тура. Лідары квартэта Е футбалісты мюнхенскай „Баварыі” выйгралі пяты матч запар, абыграўшы ва ўкраінскай сталіцы кіеўскае „Дынама” 2:1. Першы гол цудоўным ударам нажніцамі ў браму гаспадароў на 14-й хвіліне сустрэчы забіў лепшы бамбардзір гэтага сезона Лігі чэмпіёнаў паляк Роберт Левандоўскі, для якога гэта ўжо дзявяты мяч. Незадоўга да перапынку Кінгслі Каман павялічыў перавагу гасцей, а на 70-й хвіліне матча Дзяніс Гармаш адыграў адзін мяч. У другім матчы іспанская „Барселона” на полі „Камп Ноў” не змагла адолець партугальскую „Бенфіку” з Лісабона – нічыя 0:0.
У квартэце F англійскі „Манчэстэр Юнайтэд” у першым матчы пасля адстаўкі Уле Гунара Сульшэра гуляў пад кіраўніцтвам Майкла Карыка і перамог у гасцях іспанскі „Вільярэал” 2:0. Абодва мячы былі забітыя ў другой палове сустрэчы – на 78-й хвіліне лік адкрыў Крышціяну Раналду, а на 90-й хвіліне Джэйдан Санча забіў другі гол, забяспечыўшы сваёй камандзе выхад у 1/8 фіналу. Швейцарскі „Янг Бойз” у Бёрне згуляў унічыю з італьянскай „Аталантай” – 3:3.
Чэмпіён Расеі „Зеніт” разышоўся мірам у гасцявым паядынку з аўтсайдарам групы Н шведскім „Мальме” – 1:1. У Лондане дзейныя пераможцы Лігі чэмпіёнаў футбалісты „Чэлсі” разграмілі турынскі „Ювентус” з лікам 4:0.
У квартэце G аўстрыйскі „Зальцбург” саступіў на выездзе французскаму „Лілю” з лікам 0:1. Іспанская „Севілья” у сябе дома перайграла нямецкі „Вольфсбург” – 2:0.
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі „Барысу” у матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама саступілі „Барысу” у гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ. Матч завяршыўся ў серыі булітаў, якія больш удала выканалі хакеісты казахстанскай дружыны, якія нанеслі паразу „зубрам” з лікам 2:3. У складзе „дынамаўцаў” закінутымі шайбамі адзначыліся Сяргей Сапега і Тайлер Граовац.
Явенка дыскваліфікаваны на адзін матч за бойку
Беларускі абаронца „Спартака” Алег Явенка дыскваліфікаваны на адзін матч за бойку. У паядынку з „Ёкерытам” беларус пабіўся з Маркам Антылай. У гэтым сезоне Явенка набраў 2 (1+1) ачкі ў 21 матчы пры каэфіцыенце карыснасці „-1” і 16 хвілінах штрафу.
„Нёман” у авертайме абыграў „Металург”
„Гомель”, „Магілёў” і „Нёман” дамагліся перамог у рамках Parimatch-Экстралігі. „Гомель” перамог „Берасце” па булітах 3:2
„Магілёў” упэўнена абыграў „Ліду” – 3:0 а „Металург” саступіў гарадзенскаму „Нёману” у авертайме 1:2
Арына Сабаленка прэтэндуе на ўзнагароду ВТА „Гульца года”
Беларуска Арына Сабаленка прэтэндуе на прыз лепшаму гульцу года ВТА. Спіс намінантак апублікаваў журналіст Джон Хорн у Твітары.
Сярод намінантак таксама першая ракетка свету, чэмпіёнка „Уімблдона” Эшлі Барці (Аўстралія)
чэмпіёнка „Ралан Гарос” Барбара Крэйчыкава (Чэхія)
чэмпіёнка „US Open” Эма Радукану (Вялікабрытанія)
чэмпіёнка „Australian Open” Наомі Осака (Японія)
чэмпіёнка Выніковага турніру ВТА Гарбінье Мугуруса (Іспанія)
чэмпіёнка турніру ВТА-1000 у Рыме полька Іга Швентэк (Польшча)
У мінулым годзе гульцом года была прызнана амерыканка Сафія Кенін.
Беларускае Радыё Рацыя
