Крысціна Ціманоўская прадае медаль Еўрагульняў на аўкцыёне
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская выставіла на аўкцыён eBay сярэбраны медаль Еўрапейскіх гульняў у Менску, які яна заваявала у 2019 годзе на дыстанцыі 100 м. Пачатковы кошт лота склаў 5 тысяч долараў. Зараз за медаль ужо прапанавалі больш за 20 тысяч. Раней Крысціна Ціманоўская раскрытыкавала трэнерскі штаб пасля прапановы выступіць у эстафеце 4х400 м. Пасля гэтага яе адзаявілі з Алімпійскіх гульняў і мелі намер тэрмінова адправіць у Беларусь. Аднак у аэрапорце спартоўка звярнулася па дапамогу да японскай паліцыі.
Аляксандр Кулакоў завяршыў гульнявую кар’еру і увайшоў у трэнерскі штаб „Юнацтва”
Аляксандр Кулакоў завяршыў гульнявую кар’еру і увайшоў у трэнерскі штаб хакейнага клуба „Юнацтва”. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. Спецыяліст будзе адказваць за працу з форвардамі. Папярэдні сезон Кулакоў правёў у якасці гульца ў польскім „Падгале”.
Арына Сабаленка захавала за сабой трэцяе месца ў рэйтынгу WTA
Беларуска Арына Сабаленка засталася на трэцім месцы ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Пасля Алімпіяды ў трэцяй ракеткі планеты 8645 ачкоў. Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 15-й пазіцыі, Аляксандра Сасновіч займае 90-е месца, у Вольгі Гаварцовай 126-я пазіцыя. Лідыруе ў рэйтынгу Эшлі Барці з Аўстраліі.
Беларускія баскетбалісты прайгралі на старце 2-га этапу кваліфікацыі чэмпіянату свету
Баскетбалісты мужчынскай зборнай Беларусі няўдала стартавалі ў другім кваліфікацыйным этапе чэмпіянату свету 2023 года. У сваім першым матчы адборавай групы D у Рызе падапечныя Расціслава Вергунова прайгралі гаспадарам турніру баскетбалістам Латвіі з вынікам 83:92. Да гэтага латвійская каманда з лікам 108:72 разграміла сапернікаў з Румыніі. 9 жніўня беларусы згуляюць з румынамі.
Пьяніч блізкі да арэнды ў „Ювентус” з „Барселоны” па схеме „1+1”
Паўабаронца „Барселоны” Міралем Пьяніч блізкі да вяртання ў „Ювентус”. Бакі блізкія да дамоўленасці аб арэндзе 31-гадовага гульца на сезон з опцыяй падаўжэння яшчэ на адзін год. Зараз клубы ўзгадняюць апошнія дэталі здзелкі. Басніец пагадзіўся пайсці на зніжэнне зарплаты на 20%, каб у „бьянканэры” не было праблем з правіламі чэмпіянату Італіі і фінансавым фэйр-плэй.
Беларускае Радыё Рацыя
