Кубак Федэрацыі. Аўстралія – Беларусь – 3:2
21 красавіка ў Брысбене завяршыўся паўфінальны спабор тэнісістак Аўстраліі і Беларусі ў жаночым Кубку Федэрацыі. У драматычным змаганні агульны поспех з лікам 3:2 святкавалі аўстралійкі.
Пасля першага дня лік быў 1:1. У другі гульнёвы дзень спярша на корт выйшлі Эшлі Барці і Арына Сабаленка. Барці, якая праводзіць бліскучы сезон, не пакінула беларусцы рэальных шанцаў на поспех – 6:2, 6:2.
Пасля гэтага Вікторыя Азаранка яшчэ больш упэўнена разабралася ў сваім матчы з Самантай Стосур – 6:1, 6:1.
Такім чынам усё вырашалася ў парным паядынку. Трэнер беларускай каманды замест заяўленай раней пары Лідзія Марозава-Вера Лапко выставіла на сустрэчу ўсё ж Азаранку з Сабаленкай. Відаць, гэтае рашэнне было правільным. Але ў зацятым змаганні верх у трох сетах узялі ўсё ж аўстралійкі – 7:5, 3:6, 6:2.
У фінале Кубку Федэрацыі Аўстралія сустрэнецца з пераможцам матчу Францыя-Румынія.
Беларускае Радыё Рацыя
