Курачкіна выйграла золата, Іванова – бронзу на ЧЕ па барацьбе ў Польшчы



Беларуска Ірына Курачкіна, якая выступае ў вагавой катэгорыі 57 кг, заняла першае месца на чэмпіянаце Еўропы па жаночай барацьбе ў Польшчы. У фінале беларуска змагалася з прадстаўніцай Польшчы Ангелінай Лысак. Ірына Курачкіна з першых хвілін пайшла ў атаку і зарабіла перавагу ў чатыры балы. Полька змагла адыграцца дзякуючы эфектнаму кідку. Аднак спартоўка з Бабруйска зноў нарасціла перавагу, і на перапынак спартоўкі сышлі з лікам 9:4 на яе карысць. Пасля адпачынку Ангеліна Лысак не змагла нічога супрацьпаставіць суперніцы, і Ірына Курачкіна стала двухразовай чэмпіёнкай Еўропы.

Вераніка Іванова, якая выступае ў вагавой катэгорыі 62 кг, выйграла бронзу. У паядынку за медаль беларуска, якая прабілася праз суцяшальную сутычку, перамагла срэбраную прызёрку Рыа-2016 Валерыю Коблаву-Жолабаву з Расеі.

Плыўчыхі з Берасцейшчыны выйгралі эстафету 4х200 м вольным стылем

Плыўчыхі з Берасцейскай вобласці выйгралі эстафету 4х200 м вольным стылем на чэмпіянаце Беларусі па плаванні. Вынік пераможцаў Анастасіі Шкурдай, Евы Андрасюк, Кацярыны Рэпекі і Лізаветы Канановіч – 8 хвілін 29,42 секунды. Срэбра пакінуў за сабой квартэт з Гомельскай вобласці. Бронза ў зборнай Менска.

У змяшанай эстафеце 4х100 м вольным стылем лепшы час паказалі расейскія плыўцы. Анастасія Шкурдай выйграла стомятроўку батэрфляем з вынікам – 58,70 секунды. Мінчанін Канстанцін Курачкін быў хутчэй за супернікаў на дыстанцыі 1500 м вольным стылем.

Зборная Беларусі па хакеі саступіла расіянам у таварыскай сустрэчы

Зборная Беларусі па хакеі, якая праводзіць спарынгі напярэдадні чэмпіянату свету, саступіла камандзе Расеі ў таварыскай сустрэчы ў Маскве — 3:6. Гульня праходзіла з перавагай гаспадароў лядовай пляцоўкі. Аднак трапіць у брамку беларускай каманды ў першым перыядзе супернікі не змаглі. Затое ў другой траціне паядынку гледачы ўбачылі адразу некалькі галоў.

Лік на 23-й хвіліне адкрыў расеец Уладзіслаў Каменеў. На 27-й хвіліне матчу зборная Беларусі атрымала яшчэ два галы ад Ягора Каршкова і Іллі Сафонава. На 33-й хвіліне Франсіс Парэ скараціў розніцу ў ліку, аднак пераломнай гэтая шайба не стала. Да другога перапынку падначаленыя Міхаіла Захарава прапусцілі яшчэ тройчы ад Андрэя Кузьмянка, Антона Бурдасава і Ягора Каршкова.

Зрэшты, трэці перыяд атрымаўся беларускай дружыне куды лепш. Па адной шайбе закінулі Дзмітрый Корабаў і Герман Несцераў.

Сёння а 14.00 каманды правядуць у Маскве другі таварыскі матч.

„Славія” абыграла „Слуцк” у матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі

Мазырская „Славія” перамагла футбалістаў „Слуцка” з лікам 3:1 у хатнім матчы 6-га тура чэмпіянату Беларусі. Гаспадары выйшлі наперад на 9-й хвіліне сустрэчы пасля дакладнага ўдару Яўгена Барсукова, а ў другім тайме Андрэй Чухлей і Максім Слюсар рэалізавалі два пенальці. Госці адказалі голам Кірылы Вяргейчыка. Для „Славіі” гэта першая перамога ў цяперашнім турніры.

У іншым матчы футбалісты „Смаргоні” таксама святкавалі сваю першую вікторыю, абыграўшы на сваім полі рэчыцкі „Спутнік” з лікам 2:0.

Сёння адбудуцца яшчэ тры паядынкі: берасцейскае „Дынама” прыме „Віцебск”, „Энергетык-БДУ” пазмагаецца з гарадзенскім „Нёманам”, а „Мінск” і „Дынама” згуляюць у сталічным дэрбі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belta.by