Лапко і Сасновіч не здолелі выйсці ў паўфінал Кубка Крамля



Беларуская тэнісістка Вера Лапко не здолела выйсці ў паўфінал Кубка Крамля ў Маскве, прайграўшы ў чвэрцьфінальным паядынку румынцы Ірыне-Камеліі Бегу.

Сённяшні чвэрцьфінал Вера Лапко, якая займае 167-е месца ў рэйтынгу WTA, правяла вельмі няроўна, чаргуючы ўдалыя адрэзкі з правальнымі. У першым сэце яна аказала ўпартае супраціўленне значна больш вопытнай саперніцы, але ўсё ж Бегу, у якой 56-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, перамагла з лікам 6:3. Другая партыя прайшла ў вельмі ўпартай барацьбе, і Вера Лапко здолела вырваць перамогу – 6:4. У вырашальным сэце ішла барацьба нерваў: спачатку румынка была наперадзе – 3:0, затым беларуска ўзмацніла націск, і ў хуткім часе лік зраўнаваўся – 4:4. Пасля гэтага Вера ў вельмі цяжкім дзявятым гейме здолела ўзяць падачу саперніцы – 5:4 і падавала на матч. Аднак беларуска не змагла справіцца з хваляваннем і прайграла два геймы на сваёй і чужой падачах – 5:6. Цяпер ужо румынка атрымала псіхалагічную перавагу і давяла справу да перамогі – 7:5.

Вера Лапко выйшла ў асноўную сетку Кубка Крамля, пераадолеўшы тры кваліфікацыйныя бар’еры. У асноўнай частцы яна перамагла прадстаўніцу Бельгіі Марыну Занеўскую – 6:2, 6:3 і Дар’ю Гаўрылаву з Аўстраліі – 6:3, 3:1 (адмова). Для 19-гадовай Веры Лапко цяперашні чвэрцьфінал стаў першым у кар’еры на турнірах катэгорыі „Прэм’ер”.

У паўфінале Ірына-Камелія Бегу сустрэнецца з расейскай тэнісісткай Дар’яй Касаткінай, якая сёння перамагла беларуску Аляксандру Сасновіч – 6:4, 6:3.

Увечары адбудуцца яшчэ два чвэрцьфінальныя паядынкі: Алізэ Карнэ (Францыя) – Наталля Віхлянцава (Расея), Юлія Гергес (Германія) – Леся Цурэнка (Украіна).

У мужчынскім парным разрадзе беларус Андрэй Васілеўскі і чыліец Ханс Падліпнік-Кастылья сёння праводзяць матч за выхад у паўфінал супраць Даміра Джумхура (Боснія і Герцагавіна) і Антоніа Санчыча (Харватыя). Максім Мірны і аўстрыец Філіп Освальд заўтра таксама згуляюць у чвэрцьфінале, дзе іх сапернікамі будзе славацка-чэшскі тандэм Ігар Зелянай / Іржы Веселы.

Спаборніцтвы ў расейскай сталіцы, агульны прызавы фонд якіх складае $1,6 млн, завершацца 22 кастрычніка.

belta.by