Ліга чэмпіёнаў будзе дагуляна 12-23 жніўня ў Лісабоне
Сезон футбольнай Лігі чэмпіёнаў будзе дагуляны ў фармаце „Фіналу васьмі” ў Лісабоне ў жніўні.
Лёсаванне адбудзецца 10 ліпеня. Як адзначаецца, „Фінал васьмі”, у якім возьмуць удзел восем каманд-пераможцаў 1/8 фіналу, пройдзе ў партугальскай сталіцы 12-23 жніўня. Зараз бар’ер першага раунда плэй-оф пераадолелі французскі „Пары Сен-Жэрмен”, італьянская „Аталанта”, мадрыдскі „Атлетыка” і нямецкі „Лейпцыг”. У чатырох супрацьстаяннях пераможца пакуль не вызначаны. Рашэнне павінна быць абвешчана ў сераду на пасяджэнні выканкама УЕФА.
Беларускія шашысты згуляюць з камандамі Нідэрландаў і Эстоніі ў першых турах Кубка нацый
Беларускія спартоўцы правядуць першыя туры анлайн-турніру Кубка нацый па шашках. Спаборніцтвы пройдуць па 100-клеткавых шашках і пачнуцца 21 чэрвеня. У жаночых спаборніцтвах прымуць удзел 11 каманд. Яны будуць гуляць па кругавой сістэме, шэсць лепшых выйдуць у плэй-оф. У першым туры беларуская каманда ў складзе Вольгі і Дар’і Федаровіч, Яны Якубовіч, Вікторыі Нікалаевай, Паліны Петрусёвай, Вікторыі Белай, Дар’і Нікіфаравай і Марыі Часнаковай згуляе са зборнай Нідэрландаў. У мужчынскім турніры 26 зборных па швейцарскай сістэме ў сямі турах вызначаць 14 удзельнікаў плэй-оф. Беларуская каманда ў складзе Яўгена Ватуціна, Міхаіла Семенюка, Андрэя і Уладзіслава Валюкоў, Аляксея Куніцы, Сяргея Насевіча, Уладзіслава Сплендэра і Сцяпана Дарашэнкі, пачне тур гульнёй з Эстоніяй.
Беларускі футбаліст Мікалай Сігневіч у складзе „Ферэнцвараша” стаў чэмпіёнам Венгрыі
Беларускі форвард Мікалай Сігневіч у складзе будапешцкага „Ферэнцвараша” другі раз запар стаў чэмпіёнам Венгрыі па футболе. Свой 31-й чэмпіёнскі тытул футбалісты „Ферэнцвараша” заваявалі за тры туры да заканчэння першынства, перамогшы землякоў з „Ганведу” з лікам 3:0. У гэтай гульні Мікалай Сігневіч на поле не выходзіў, а ўсяго ў турніры ён правёў 19 матчаў і забіў адзін гол.
„Люблін” абвясціў аб сыходзе беларускай распасоўніцы Валянціны Несцярук
Польскі „Люблін” растаўся з беларускай распасоўніцай Валянцінай Несцярук. Пра гэта прэс-служба клуба абвясціла на сваёй старонцы ў Facebook. Па словах беларускі, яна даведалася пра свой сыход з клуба менавіта з гэтага паста ў сацсетках. Гандбалістка прапусціла мінулы сезон з-за нараджэння дзіцяці.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота osnmedia.ru
