Мадрыдскі „Рэал” зноў выйграў футбольную Лігу чэмпіёнаў



Позна ўвечары 3 чэрвеня ў валійскім Кардыфе вызначыўся пераможца футбольнай Лігі чэмпіёнаў. Другі год запар ім стаў мадрыдскі „Рэал”, які перамог у фінале турынскі „Ювентус” – 4:1.

Ужо ў першым тайме каманды прадэманстравалі выключную самаадданасць і змагаліся як сапраўдныя гладыятары. „Юве” меў выразную перавагу ў дэбюце, рэй у атацы турынцаў вялі Паола Дзібала і Гансала Ігуаін. Аднак лік адкрыў Крышціяну Раналду ў выніку просценькай двуххадоўкі з удзелам Карвахаля. Прычым гэта быў толькі першы стрэл мадрыдцаў па браме супернікаў. Ішла 20-я хвіліна матчу. Раналду стаў першым футбалістам, якому ўдавалася забіваць ажно ў трох фіналах Лігі чэмпіёнаў.

Адыгралася „старая сіньёра” дастаткова хутка – на 27-й хвіліне. Італійскай камандзе ўдалася фантастычная паветраная камбінацыя, якую ўдарам праз сябе завершыў харват Марыё Манджукіч

У другім тайме каралеўскі клуб значна актывізаваўся і захапіў ініцыятыву. Гэта ўвасобілася ў два катапультныя стрэлы. На 61-й хвіліне Каземіра з дапамогай рыкашэту вывеў „сметанковых” наперад, а яшчэ праз тры хвіліны Крышціяну Раналду забіў трэці мяч „Рэала”, скарыстаўшыся пасам Лукі Модрыча. „Ювентус” апынуўся ў глыбокім накдаўне, выйсці з якога фактычна не здолеў. Дабіў турынцаў Асенсіё. „Ювентус” у фінале прапусціў больш, чым за ўвесь бягучы турнір Лігі. А мадрыдскі „Рэал” і ягоны лідар Крышціяну Раналду дамагліся чарговага трыумфу. 

Сустрэча адзначана і гістарычнымі дасягненнямі. „Рэал” стаў першым клубам, які забіў 500 мячоў у Лізе чэмпіёнаў (з улікам ранейшага Кубку чэмпіёнаў). А Раналда забіў свой 600-ы мяч у кар’еры.

Беларускае Радыё Рацыя