Максім Сушко прынёс перамогу „Ліхай Вэлі” і быў прызнаны другой зоркай матчу



У чарговым туры рэгулярнага чэмпіянату АХЛ „Ліхай Вэлі” ўпэўнена абгуляў „Уілкс-Бэры” — 4:0.

Беларускі форвард Максім Сушко аформіў пераможны гол, нанёс 1 кідок, зарабіў 2 хвіліны штрафу і завяршыў паядынак з паказчыкам карыснасці „+1”. Па выніках сустрэчы яго прызналі другой зоркай матча. У сезоне ў Сушко 2 (1+1) ачкі ў 6 сустрэчах.  

Беларускі саступаюць аўстралійкам у матчы Кубка Білі Джын Кінг  

Беларускія тэнісісткі прайграюць камандзе Аўстраліі 0:1 у матчы Кубка Білі Джын Кінг, які праходзіць у Празе. У першым адзіночным паядынку Юлія Гатоўка (192-гі нумар сусветнага рэйтынгу) саступіла ў двух сэтах Сторм Сандэрс (131) – 3:6, 3:6. У другой сустрэчы згуляюць лідары зборных Беларусі і Аўстраліі – Аляксандра Сасновіч (88) і Айла Тамлянавіч (43). Пасля паразы ў першай адзіночцы ў двух сэтах зборная Беларусі ўжо пры любым зыходзе паядынку з аўстралійкамі не зможа заняць у групе першае месца і прабіцца ў паўфінал. У першым туры абедзве каманды сустракаліся з бельгійкамі: беларускі саступілі ім 1:2, а аўстралійкі выйгралі з такім жа вынікам.  

Ілля Івашка завяршыў выступленне на турніры АТР у Парыжы  

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (46-ы нумар сусветнага рэйтынгу) завяршыў выступленне на турніры катэгорыі ATP-1000 у Парыжы. Уначы ў матчы другога раўнда беларус саступіў ва ўпартай барацьбе другой ракетцы планеты расейцу Даніілу Мядзведзеву ў дзвюх партыях – 5:7, 4:6.  

Паўла Дзібала працягне кантракт з «Ювентусам”

Стала вядома, калі форвард Паўла Дзібала заключыць новую дамову з „Ювентусам”. Агент 27-гадовага аргенцінца прыбудзе ў Турын на працягу двух тыдняў, каб закрыць здзелку, сцвярджае журналіст Нікола Скіра. Раней паведамлялася, што Дзібала ўжо дамовіўся з „Ювентусам” аб кантракце да 2026 года з зарплатай 8,5 млн еўра за сезон. Яшчэ 1,5 млн у год ён зможа атрымліваць у выглядзе бонусаў.

Нік Бэйлен – у топ-5 бамбардзіраў КХЛ  

Беларускі абаронца „Трактара” Нік Бэйлен уваходзіць у топ-5 бамбардзіраў Кантынентальнай хакейнай лігі — у 27 матчах гулец абароны набраў 27 (4+23) ачкоў, што дазволіла яму апынуцца на пятым радку ў бамбардзірскай гонцы. Сярод пяцёркі самых выніковых гульцоў лігі Бэйлен – адзіны абаронца.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: instagram.com/maks.sush/