Марозава і Данілін выйшлі ў фінал тэніснага турніру ў Гдыні



Беларуска Лідзія Марозава і казахстанская тэнісістка Ганна Даніліна прабіліся ў фінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-250 у польскай Гдыні з прызавым фондам 235 тысяч даляраў. У паўфінале Марозава і Даніліна абыгралі ў двух сэтах чэшска-японскі тандэм Рэната Ворачава / Мія Като – 6:4, 7:6 (7:1). У фінальным матчы беларуска-казахстанская пара будзе супернічаць з польска-украінскім дуэтам Катажына Піцер / Кацярына Бандарэнка.

Футбалісты „Руху” падняліся на 3-е месца ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты берасцейскага „Руху” перамаглі на сваім полі „Мінск” з мінімальнай перавагай 1:0 і падняліся на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі. Лёс першага паядынку 17-га тура вырашыў паўабаронца берасцейцаў Дзяніс Грэчыха, які вызначыўся на 53-й хвіліне сустрэчы. Сёння гарадзенскі „Нёман” прыме на сваім полі „Слуцк”, а мінскае „Дынама” на галоўнай спартовай арэне краіны згуляе з „Віцебскам”.

Сяргей Гурэнка ўзначаліў салігорскі «Шахцёр»

Беларускі трэнер Сяргей Гурэнка ўзначаліў «Шахцёр». Адным з яго памочнікаў стане трэнер па фізпадрыхтоўцы Андрэй Калеснікаў, які раней працаваў у мінскім «Дынама» і таксама ўваходзіў у штаб Сяргея Гурэнкі. Пасля пройгрышу ў першым матчы другога адборавага раунда Лігі канферэнцый люксембуржской «Фоле» з лікам 1:2 гэтую пасаду пакінуў Раман Грыгарчук. У чэмпіянаце Беларусі «Шахцёр» па-ранейшаму лідыруе. У траўні Гурэнка пакінуў «Рытэрай», які знаходзіўся на сёмым месцы літоўскага чэмпіянату, набраўшы 16 ачкоў пасля 14 тураў. Спецыяліст узначальваў клуб з лютага.

Валерый Карпін стаў новым трэнерам футбольнай зборнай Расіі

Новым галоўным трэнерам футбольнай зборнай Расеі прызначаны Валерый Карпін. Такое рашэнне прыняў Расійскі футбольны саюз. Кантракт з новым настаўнікам нацыянальнай каманды будзе дзейнічаць да 31 снежня з магчымасцю далейшага падаўжэння. На працягу бліжэйшага паўгода Валерый Карпін будзе сумяшчаць працу ў зборнай краіны і ФК „Растоў”, які ён цяпер трэніруе. Цяпер перад зборнай Расеі стаіць задача паспяхова прайсці адборавы турнір чэмпіянату свету 2022 года, фінальная стадыя якога пройдзе ў Катары. Валерый Карпін, якому 52 гады, змяніў на пасадзе настаўніка расійскай дружыны Станіслава Чарчэсава, які пайшоў у адстаўку пасля правальнага выступу на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы.

Першыя камплекты ўзнагарод будуць разыграныя на Алімпіядзе ў Токіо

На XXXII летніх Алімпійскіх гульнях у Токіо сёння будуць разыграны першыя камплекты ўзнагарод. Чэмпіёны і прызёры вызначацца ў 11 відах праграмы. Беларускія спартоўцы возьмуць удзел у двух медальных спаборніцтвах. У мужчынскай групавой шашэйнай велагонцы на 234 км сярод 130 заяўленых атлетаў ёсць і беларус Аляксандр Рабушэнка. У алімпійскім ціры ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 м выступіць Марыя Мартынава. Дачцы алімпійскага чэмпіёна Сяргея Мартынава трэба паспяхова пераадолець кваліфікацыйны бар’ер і трапіць у васьмёрку фіналістаў. Без удзелу беларусаў алімпійскія медалі будуць разыграны ў цяжкай атлетыцы, дзюдо, фехтаванні, стральбе з лука і таэквандо.

Беларускае Радыё Рацыя