Мартэн Фуркад выйграў індывідуальную гонку ў Эстэрсундзе
Француз Мартэн Фуркад перамог у індывідуальнай гонцы на першым этапе Кубка свету па біятлоне, які праходзіць у шведскім Эстэрсундзе. Сяміразовы ўладальнік Вялікага крыштальнага глобуса пераадолеў адлегласць у 20 км за 53 хвіліны 11,9 секунды. Другім апынуўся яго партнёр па камандзе Сімон Дэсцье, які прайграў лідару амаль 13 секунд. Трэцім стаў таксама французскі біятланіст Кантэн Фіён Майі. Лепшы вынік сярод беларусаў паказаў Антон Смольскі, заняўшы 35-е месца. Працягнуцца спаборніцтвы ў Эстэрсундзе сёння жаночай індывідуальнай гонкай на 15 км.
Аліна Змушко стала чацвёртай на 50 м брасам на Чэмпіянаце Еўропы
Беларуская спартоўка Аліна Змушко заняла чацвёртае месца на дыстанцыі 50 м брасам на чэмпіянаце Еўропы па плаванні на кароткай вадзе, які праходзіць у Глазга. Змушко пераадолела дыстанцыю за 29,88 секунды. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнялася італьянка Бэнэдэці Пілат – 29,32 секунды. Беларус Ілья Шымановіч паказаў пяты вынік у аналагічным заплыве сярод мужчын.
„Цмокi-Мiнск” абыгралі „Ружамберок”
Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” пераможна завяршылі групавы этап розыгрышу Еўракубка, абыграўшы славацкі „Ружамберок”. У выязной сустрэчы падначаленыя Андрэя Ваўлева сустрэлі ўпарты супраціў, але ўсё ж здолелі дамагчыся перамогі з лікам 62:56. Самай выніковай у складзе мінчанак стала Вікторыя Гаспер, якая набрала 22 ачкі. Дзякуючы гэтай перамозе чэмпіёнкі Беларусі захоўваюць шанцы на выхад у плэй-оф.
Валейбалісткі „Мінчанкі” перамаглі швейцарскі „Вітэас”
Валейбалісткі „Мінчанкі” перамаглі швейцарскі „Вітэас” у першым матчы 1/16 фіналу Кубка ЕКВ з лікам 3:0. Самым выніковым гульцом сустрэчы стала Аксана Кавальчук, якая прынесла беларускай камандзе 15 ачкоў. Сустрэча ў адказ адбудзецца ў Швейцарыі 18 снежня.
Дзмітрый Молаш і Кірыл Альшэўскі – асноўныя прэтэндэнты на пасаду галоўнага трэнера БАТЭ
Дзмітрый Молаш і Кірыл Альшэўскі з’яўляюцца асноўнымі кандыдатамі на пасаду галоўнага трэнера БАТЭ, якую займае Аляксей Бага. Чакаецца, што рашэнне будзе прынята ў бліжэйшыя некалькі дзён. Молаш працуе памочнікам Багі. 37-гадовы спецыяліст у сакавіку атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі „А”. Як галоўны трэнер ён выводзіў „Смалявічы” ў вышэйшую лігу ў 2017 годзе. Альшэўскі кіруе барысаўскім дублем, які ў гэтым годзе стаў чэмпіёнам сярод рэзервістаў. Таксама спецыяліст працаваў спартовым дырэктарам БАТЭ, быў тэхнічным дырэктарам БФФ і ўзначальваў адну з юнацкіх зборных краіны, – паведамляе by.tribuna.com.
«Манчэстар Юнайтэд» абыграў «Тотэнхэм» дзякуючы дублю Рашфорда
У матчы 15-га тура англійскай Прэм’ер-лігі «Манчэстар Юнайтэд» прымаў «Тотэнхэм Хоцпур». Сустрэча адбылася на стадыёне «Олд Трафард» у Манчэстэры і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 2:1. «Ліверпуль» разграміў «Эвертан» 5:2. «Чэлсі» абыграў «Астан Вілу» 2:1.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
