Менск і Гародня прымуць першыя матчы 28-га чэмпіянату Беларусі па футболе



30 сакавіка ў Менску і Гародні адбудуцца стартавыя матчы першага тура 28-га чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі.

У 17.30 дэбютанты элітнага дывізіёна футбалісты сталічнага „Праменя” сустрэнуцца з ФК „Мінск” на яго стадыёне. У другім паядынку сённяшняга гульнявога дня гарадзенскі „Нёман” прыме на сваім полі гасцей з „Віцебска”.

Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца ў суботу, 31 сакавіка. Сярэбраныя прызёры мінулага чэмпіянату футбалісты менскага „Дынама” згуляюць з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам”, уладальнік бронзы салігорскі „Шахцёр” будзе сапернічаць з берасцейскім „Дынама”, а „Гомель” сустрэнецца са „Слуцкам”.

Гульнявая праграма стартавага тура завершыцца 1 красавіка. Чэмпіён краіны барысаўскі БАТЭ на сваім полі праэкзаменуе яшчэ аднаго навічка вышэйшай лігі „Смалявічы”, футбалісты „Іслачы” сустрэнуцца з менскім „Тарпеда”, „Гарадзея” прыме ў сябе дома магілёўскі „Днепр”.

Чарговы чэмпіянат Беларусі пройдзе па класічнай схеме – 16 клубаў элітнага дывізіёна сустрэнуцца адзін з адным па два разы (дома і ў гасцях). Матчы заключнага 30-го тура намечаны на 2 снежня. Па выніках двухкругавога турніру каманды, якія зоймуць 15-е і 16-е месцы, пакінуць вышэйшую лігу, ім на змену прыйдуць два лепшыя клубы з першай лігі.

Год таму, упершыню за апошні час, пытанне аб чэмпіёне краіны было адкрыта да апошніх мінут матчаў 30-га тура. У выніку залатыя медалі дасталіся БАТЭ, які ў заключным туры згуляў унічыю ў гасцях у „Гарадзеі”, зраўнаваўшы лік на апошніх секундах гульні 3:3. Барысаўчане і менскае „Дынама” набралі па 68 ачкоў, але па выніках вочных сустрэч БАТЭ заняў першае месца, заваяваўшы свой 14-ы чэмпіёнскі тытул.

belta.by