Менскае „Дынама” адолела лідара КХЛ



Менскае „Дынама” пасля вяртання з Кубку Шпенглера і невялікай навагодняй паўзы прымала на сваім лёдзе лідара Кантынентальнай Хакейнай Лігі – пецярбургскі СКА і перамагло – 5:4.

Цягам паядынка дынамаўцы грамілі грознага суперніка 5:0, а СКА „гарэў сінім полымем”. У першым перыядзе была закінутая толькі адна шайба – вызначыўся дэбютант дынамаўцаў – швед Фрэдрык Петарсан. У другім перыядзе „зубры” святкавалі поспех ажно чатыры разоў: яшчэ адзін навічок „Дынама” Арон Палушай (22-я хвіліна), зноў Петарсан (26-я, у бальшыні), Андрэй Сцяпанаў (33-я) і Сяргей Дрозд (34-я, першая шайба ў сезоне) давялі лік да непрыстойнага для гасцей. І толькі пасля гэтага дасведчаны Ілля Кавальчук у бальшыні „прабіў” Бена Скрывенса.

А вось заключную траціну матча дынамаўцы відавочна правалілі. Падначаленыя Алега Знарка закінулі ажно тры шайбы, у канцоўцы лідары чэмпіянату знялі брамніка, але менчукі ўсё ж захавалі свае „законныя” тры ачкі.

Пасля гэтай гульні „зубры” набралі 76 ачкоў, займаюць 5-е месца ў Заходняй канферэнцыі і ўпэўнена трымаюцца ў зоне плэй-оф.

Беларускае Радыё Рацыя