Менскае „Дынама” выправілася на выезд



Менскае „Дынама” выправілася ў Нур-Султан, дзе сёння сустрэнецца з „Барысам” у рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Далей у гульнявым календары „зуброў” матч з „Металургам” у Магнітагорску. На выезд адправіліся 25 хакеістаў, паведамляе прэс-служба „Дынама”. Па медыцынскіх паказаннях у Менску засталіся Аляксей Коласаў, Ілля Усаў, Ігар Мартынаў, Марыё Кемпе. Сяргей Кузняцоў і Аляксандр Когалеў знаходзяцца ў размяшчэнні фарм-клубаў.

Шаранговіч займаецца ў трэцім звяне „Нью-Джэрсі”

Беларускі нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч прыняў удзел у чарговай трэніроўцы каманды. Наш суайчыннік займаўся ў трэцім звяне разам з Яне Куаканенам і Джымі Весі. Наступны матч „д’яблы” правядуць у ноч на 25 лістапада супраць Мінесоты. У бягучым сезоне Шаранговіч згуляў 14 гульняў, у якіх закінуў 2 шайбы і аддаў 4 выніковыя перадачы. „Нью-Джэрсі” размяшчаецца на восьмай пазіцыі ў табліцы Усходняй канферэнцыі, маючы ў актыве 19 ачкоў пасля 16 матчаў.

Звольнены дырэктар берасцейскага «Дынама» Нікалайчук

Эрнэст Нікалайчук звольнены з пасады дырэктара берасцейскага «Дынама», перадае Tribuna.com. Нікалайчук быў прызначаны на гэтую пасаду ў студзені. Раней пры ім была звольненая футбалістка Вікторыя Сідарчук, якая падтрымала палітвязня Рамана Пратасевіча, якая зараз выступае за польскую «Погонь», а таксама пакінулі каманду Віталь Гайдучык і Зміцер Байдук, якія адмовіліся падпісваць праўладны ліст спартоўцаў. Берасцейскае „Дынама” займае шостае месца ў чэмпіянаце Беларусі.

Жаночая зборная Беларусі прайшла рэвакцынацыю прэпаратам Pfizer

„У сярэдзіне мінулага тыдня жаночая зборная Беларусі, якая знаходзіцца на зборы ў аўстрыйскім Оберціліясе, прайшла рэвакцынацыю. Прычым прэпаратам Pfizer, што павінна дазволіць нашым біятланісткам пазбегнуць клопатаў частага тэставання ў спаборніцкім рэжыме”, – паведамляе Sputnik.

Непрышчэпленыя ад каронавіруса футбалісты «Баварыі» застануцца без заробку

А вось кіраўніцтва мюнхенскай «Баварыі» прыняло рашэнне не выплачваць заробак непрышчэпленым ад каранавіруса футбалістам. „Баварыя” не будзе плаціць гульцам, пакуль яны знаходзяцца на каранціне. Адзначаецца, што рашэнне звязана з тым, што адразу чатыры футбалісты каманды – Серж Гнабры, Джамал Мусіяла, Эрык-Максім Шупа-Матынг і Мікаэль Куісанс – апынуліся на самаізаляцыі. Гульцы засталіся незадаволеныя новаўвядзеннямі. За апошнія чатыры тыдні ў Германіі колькасць новых выпадкаў каранавіруса вырасла больш як на 55 працэнтаў. Пасля 12 матчаў «Баварыя» лідыруе ў Бундэслізе, набраўшы 28 ачкоў. У групе E Лігі чэмпіёнаў каманда таксама займае першае месца. Заўтра мюнхенцам трэба згуляць на выездзе з кіеўскім «Дынама».

ФІФА апублікавала спіс кандыдатаў на званне лепшага гульца года

Міжнародная федэрацыя футбола апублікавала кароткі спіс фіналістаў прэміі на званне найлепшага гульца года па версіі ФІФА. На прыз прэтэндуюць француз Карым Бензема („Рэал”, Іспанія), бельгіец Кевін дэ Бройнэ („Манчэстэр Сіці”, Англія), партугалец Крышціяну Раналду („Ювентус”, Італія, і „Манчэстэр Юнайтэд”, Англія). У гэты спіс таксама ўвайшлі нарвежац Эрлінг Холанд („Барусія”, Германія, Дортмунд), італьянец Жаржыньё і француз Н’Гало Кантэ (абодва – „Чэлсі”, Англія), паляк Роберт Левандоўскі („Баварыя”, Германія), француз Кіліян Мбапэ і бразілец Неймар (абодва „Пары Сен-Жэрмэн”), аргенцінец Ліянэль Месі („Барселона”, Іспанія, і „Пары Сен-Жэрмэн”, Францыя) і егіпцянін Махамед Салах („Ліверпуль”, Англія). Галасаванне працягнецца да 10 снежня. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў наступным годзе, 17 студзеня.

Беларускае Радыё Рацыя