Менскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр” правядуць матчы футбольнай ЛЕ



Беларускія футбольныя клубы 19 ліпеня правядуць дамашнія паядынкі першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы.

Футбалісты менскага „Дынама” прымуць на абноўленай дынамаўскай арэне гасцей з ірландскага „Дэры Сіці” (пачатак гульні ў 18.00).

У першым матчы, які адбыўся тыдзень таму ў Дэры, падапечныя Сяргея Гурэнкі перамаглі з лікам 2:0.

Салігорскі „Шахцёр” паспяхова правёў гасцявы паядынак, абыграўшы валійскі „Конас-Кі”, – 3:1. Сённяшняя сустрэча ў Салігорску пачнецца ў 20.00.

Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі ў Лізе Еўропы ўладальнік Кубка краіны берасцейскае „Дынама” пачне выступленне з 2-га раўнда кваліфікацыі. 26 ліпеня берасцейцы прымуць грэчаскі „Атрамітас” на сваім полі, а 2 жніўня згуляюць у Афінах.

У галоўным клубным турніры Старога Свету Лізе чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ стартуе з 2-га круга. Сапернікам барысаўчан будзе фінскі ХІК з Хельсінкі.

belta.by