Менскае „Дынама” і салігорскі „Шахцёр” перамаглі на старце футбольнай Лігі Еўропы
Беларускія футбольныя клубы паспяхова правялі 12 ліпеня стартавыя паядынкі першага кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы.
Футбалісты менскага „Дынама” гулялі ў гасцях у ірландскага „Дэры Сіці” і адкрылі лік ужо на 2-й мінуце пасля гола харвацкага легіянера Ніно Галавіча. У другім тайме Уладзімір Хвашчынскі ўстанавіў канчатковы вынік – 2:0.
Салігорскі „Шахцёр” таксама на выездзе сапернічаў з валійскай камандай „Конас-Кі” і ў першым тайме двойчы паразіў вароты гаспадароў. На 21-й мінуце вызначыўся Макс Эбонг, а праз 13 мінут яго пачын падтрымаў Эліс Бакай. Пасля перапынку Міхаіл Шыбун забіў трэці мяч, а незадоўга да фінальнага свістка гаспадары скарацілі разрыў, рэалізаваўшы пенальці, – 3:1 на карысць беларускай дружыны.
Паядынкі ў адказ беларускія клубы правядуць на сваіх палях 19 ліпеня, прычым мінчане плануюць згуляць на абноўленым стадыёне „Дынама”.
Яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі ў Лізе Еўропы ўладальнік Кубка краіны берасцейскае „Дынама” пачне выступленне з 2-га раўнда кваліфікацыі. 26 ліпеня берасцейцы прымуць грэчаскі „Атромітас” на сваім полі, а 2 жніўня згуляюць у Афінах.
У галоўным клубным турніры Старога Свету Лізе чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ стартуе з 2-га круга. Сапернікам барысаўчан будзе пераможца пары 1-га кваліфікацыйнага раўнда ХІК (Фінляндыя) – „Вікінгур” (Фарэрскія астравы). Іх першая сустрэча завяршылася гасцявой перамогай фінскай каманды з лікам 2:1. Гульня ў адказ пройдзе 17 ліпеня ў Хельсінкі.
