Менскае „Дынама” падало ў КХЛ фінансавыя дакументы на сезон-2020/21
Прэзідэнт КХЛ Аляксей Марозаў паведаміў, што ўсе 23 клубы падалі ў КХЛ фінансавыя дакументы на сезон-2020/2021. Такім чынам, іх падало і менскае „Дынама”, якое адчувала фінансавыя цяжкасці. „Мы апавясцілі клубы, што сезон пачнецца 2 верасня. Спадзяемся, што да гэтага тэрміну ў свеце пандэмія канчаткова ўляжацца. Для КХЛ 2 верасня – гэта прыярытэтная дата, бо па традыцыі сезон у нас пачынаецца ў першых чыслах восені”, – цытуе Марозава афіцыйны сайт КХЛ.
Кубак і першынство Беларусі па плаванні пройдуць у Берасці 13-18 ліпеня
Адкрыты Кубак і першынство Беларусі па плаванні пройдуць у Берасці 13-18 ліпеня. Пра гэта паведаміў выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера нацыянальнай каманды па плаванні Андрэй Ліпніцкі. Спаборніцтвы адбудуцца ў адны тэрміны ў адным басейне. Гэта будзе адзін турнір, але з двума залікамі. Кубак – для дарослых спартоўцаў, першынство – для юніёраў. Гледачоў на трыбунах не будзе, на ўваходзе ў спарткомплекс усім удзельнікам чэмпіянату лекары памераюць тэмпературу, каб адфільтраваць атлетаў, якія адчуваюць недамаганне.
„Кайзерслаўтэрн” блізкі да пачатку працэдуры банкруцтва
Нямецкі „Кайзерслаўтэрн”, які выступае ў трэцім дывізіёне чэмпіянату Нямеччыны, можа прайсці працэдуру банкруцтва ў сувязі са зменай ўладальніка. Ужо на гэтым тыдні кіраўніцтва клуба можа падаць заяўку на прызнанне клуба неплацежаздольным з-за даўгоў у памеры каля 20 млн еўра. Перамовы з трыма крэдыторамі аб адтэрміноўцы плацяжоў, як мінімум на адзін год, не ўвянчаліся поспехам. Заява аб прызнанні клуба банкрутам можа быць адклікана ў любы момант, пры ўмове, што клуб ўсё ж такі прыйдзе да пагаднення з крэдыторамі ці ж зменіць ўладальніка. „Кайзерслаўтэрн” з’яўляецца 4-разовым уладальнікам тытула чэмпіёна Германіі.
Новы сезон чэмпіянату Італіі можа пачацца 12 верасня
Новы сезон чэмпіянату Італіі па футболе стартуе 12 верасня. Гэта сцвярджае SportItalia. Афіцыйна рашэнне будзе прынята на пасяджэнні савета Серыі А. Цяперашні сезон чэмпіянату Італіі адновіцца 20 чэрвеня.
„Чэлсі” плануе прадаць шэсць гульцоў
„Чэлсі” мае намер прадаць шэсць гульцоў – Тэмуе Бакаёка, Мішы Батшуаі, Віктар Мозэс, Даніэл Дрынкуотар, Давідзе Дзапакоста і Эмерсан. Лонданскі клуб хоча набыць Ціма Вернера („Лейпцыг”), Кая Хаверца („Байер”) і Бэна Чылвела („Лестэр”). Гэтыя здзелкі могуць прывесці да таго, што летнія выдаткі клуба ўзрастуць да 250 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Лонданцы маюць намер кампенсаваць частку сродкаў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
