Менскае „Дынама” перамагло лідара КХЛ



Менскае „Дынама” у чарговым матчы КХЛ перамагло на сваім лёдзе лідара Заходняй канферэнцыі і ўсяго рэгулярнага першынства – пецярбургскі СКА – 6:3. Гэта толькі 7-я параза расейскай каманды ў бягучым чэмпіянаце.

Пасля першай дваццаціхвілінкі беларускі клуб саступаў з лікам 0:1. А вось другі перыяд выдаўся для менчукоў проста феерычным. Цягам усяго трох хвілін „з хвосцікам” „зубры” чатыры разы паспяхова тарпедавалі брамку расейскага клуба. Закінутымі шайбамі вызначыліся Марк-Андрэ Граньяні, Джэк Скілі (у бальшыні), Яўген Кавыршын і Джасцін Фантэйн (у меншыні).

У трэцім перыядзе СКА пайшоў ва-банк і нават за тры хвіліны да канца зняў брамніка. Гэта прывяло да таго, што Аляксандр Паўловіч скарыстаўся сітуацыяй і ўдала запусціў шайбу ў пустую рамку. Аналагічны нумар неўзабаве паўтарыў і Куінтан Хаўдэн. Госці, праўда, яшчэ паспелі скараціць розніцу ў ліку.

„Дынама” набрала 61 ачко, займае 10-е месца канферэнцыі, але істотна адстае ад зоны-плэй-оф – у маскоўскага „Спартака”, які на 8-й пазіцыі, 68 пунктаў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]