Менскае „Дынама” перапыніла серыю з 11 паразаў запар



«Зубры» абыгралі ніжагародскае „Тарпеда” па булітах — 6:5. Менчане выдатна пачалі матч і пасля першага перыяду вялі з лікам 2:0 дзякуючы дакладным кідкам Франсіса Парэ і Цеему Пулкінена. У пачатку другога перыяду Вераеў адыграў адну шайбу, але тут жа дэбютант «Дынама» Раман Дастанка ізноў павялічыў перавагу да двух галоў. І ўсё ж тарпедаўцам удалося зраўняць лік. Спачатку беларус Андрэй Бялевіч удала згуляў на пятаку, а затым Арцём Аляеў зрабіў лік 3: 3. Менчане паспрабавалі адразу ж зноў выйсці наперад, і гэта атрымалася намаганнямі Франсіса Парэ. У трэцяй дваццаціхвілінцы каманды працягнулі радаваць атакуючым хакеем. У самым пачатку перыяду Шэнфельд зрабіў лік 4:4. Ён трымаўся да 55-й хвіліны, калі Арцём Дзямкоў у чарговы раз парадаваў менскіх заўзятараў. На жаль, давесці справу да перамогі ў асноўны час «зубрам» не ўдалося — 5:5. У вар’яцкім авертайме каманды мелі велізарную колькасць галявых момантаў, але неверагодны матч правялі брамнікі. Пераможца вызначаўся ў серыі булітаў, якую выдатна правёў Юнас Энрат, не прапусціўшы ніводнай шайбы. У «Дынама» ж закінулі Когалеў і Спунэр. Ужо сёння «Дынама» згуляе з падольскім «Віцязем».

«Юнацтва» прайграла «Рэд Булу» у Лізе чэмпіёнаў.

Менскае „Юнацтва” саступіла мюнхенскаму „Рэд Булу» у першым матчы 1/8 фіналу хакейнай Лігі чэмпіёнаў — 2:3. Гаспадары вялі ў першым перыядзе з лікам 2:0 пасля галоў Гайнетдзінава і Драздова, а на 20-й хвіліне суддзі пасля прагляду адмянілі гол Стэфановіча. Нажаль, пасля яркага першага перыяду «Юнацтва» зайграла слабей. У другім перыядзе Шутц адыграў адну шайбу, а ў трэцім Эгліц і Паркс забяспечылі гасцям перамогу. Матч у адказ пройдзе праз тыдзень у Мюнхене.

Віталь Усовіч пакідае пасаду генеральнага дырэктара хакейнага клуба „Гомель”.

Кантракт будзе скасаваны па ўзгадненні бакоў, паведамілі ў прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі. Кіраўніком „рысяў” стане ранейшы дырэктар Цэнтра алімпійскага рэзерву Жлобіна Аляксей Скуркоўскі. За час працы Віталя Усовіча на пасадзе генеральнага дырэктара „Гомель” пяць разоў станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату Беларусі. „Рысі” двойчы выйгравалі Кубак Беларусі, а ў сезоне 2018/2019 сталі ўдзельнікамі суперфіналу Кантынентальнага кубка. У цяперашні час гамяльчане займаюць пятае месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі, набраўшы 75 ачкоў за 56 матчаў.

Даўгалеўцы будуць выступаць у прафесійным боксе

Беларускія браты-спартоўцы Даўгалеўцы: Міхаіл (вагавая катэгорыя 81 кг) і Яўген (69 кг) не працягнулі кантракт з нацыянальнай камандай і будуць выступаць у прафесійным боксе. Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавёў журналістам выканаўчы дырэктар Беларускай федэрацыі бокса Дзяніс Сабалеўскі. „Так як цяпер AIBA дапускае баксёраў-прафесіяналаў да алімпійскага адбору, хлопцы будуць выступаць на турнірах, каб забяспечыць сабе удзел у галоўным старце чатырохгоддзя”, – сказаў Дзяніс Сабалеўскі. У прафесійным боксе ўжо паспяхова выступаюць беларусы Іван Баранчык, Кірыл Рэліх і Мікалай Весялоў.

Федэрэр абыграў Берэціні на выніковым турніры АТР

Швейцарац Роджэр Федэрэр пасля няўдалага старту перамог на выніковым турніры Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР), які праходзіць у Лондане. У паядынку 2-га тура групы Б’ёрна Борга легендарны швейцарскі тэнісіст, які займае цяпер 3-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграў італьянца Матэа Берэціні, у якога 8-я пазіцыя, – 7:6, 6:3. На старце турніру Роджэр Федэрэр саступіў пятай ракетцы свету аўстрыйцу Дамініку Ціму, а Матэа Берэціні прайграў другому нумару рэйтынгу АТР сербу Новаку Джокавічу.

Беларускі спартовец пазбаўлены Залатога медаля Еўрапейскіх гульняў з-за допінгу

Беларускі барацьбіт Кірыл Грышчанка пазбаўлены Залатога медаля Еўрапейскіх гульняў у Менску. Трэнерскі штаб зборнай у эфіры праграмы «Вынікі тыдня» канстатаваў, што прэпарат, які нібыта прымаў Грышчанка, даўно выйшаў з ужывання. Старшы трэнер нацыянальнай каманда Мікалай Багданёнак лічыць, што спартовец не мог выкарыстоўваць гэты прэпарат. Паводле яго слоў, ужо пачата ўнутранае расследаванне інцыдэнту.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]