Менскае «Дынама» прайграла «Аўтамабілісту»



Менскае «Дынама» саступіла ў Екацярынбургу «Аўтамабілісту» з лікам 5:6. Лік у матчы на 11-й хвіліне адкрыў Анатоль Голышаў.

Гэты лік трымаўся да сярэдзіны другога перыяду, калі пачалася сапраўдная перастрэлка. Яўген Кавыршын зраўняў лік, а Аляксандр Паўловіч вывеў менчукоў наперад голам у меншасці. Затым Яўген Абідзін зрабіў лік 2:2, а праз хвіліну Джэф Плат зноў зрабіў з менчукоў даганяючых. На 44-й хвіліне Андрэй Касціцын з дапамогай рыкашэту закінуў трэцюю шайбу ў брамку Фаміна, але вельмі хутка Міхаіл Мамкін дакладна кінуў ад сіняй лініі — 4:3. Міхаіл Стэфановіч прыгожым кідком у адзін дотык зраўняў лік, на што гаспадары адказалі кур’ёзным голам Батыршына. І ўсё ж апошнюю шайбу ў асноўны час закінулі «зубры» – зноў вызначыўся Стэфановіч. На жаль, перамогу здабыць менчукам не ўдалося. На першай жа хвіліне авертайма Анатоль Голышаў прынёс «Аўтамабілісту» перамогу — 6:5. Наступны матч падначаленыя Крэйга Вудкрафта згуляюць 1 лютага ў гасцях у „Сібіры” .

Хакеісты „Нёмана” па булітах абыгралі „Юнацтва” ў матчы чэмпіянату Беларусі

Хакеісты „Нёмана” па булітах абыгралі „Юнацтва” ў матчы чэмпіянату Беларусі, святкаваўшы перамогу на „Чыжоўка-Арэне” з лікам 3:2. Пасля паразы ў Гародні менчукі імкнуліся ўзяць рэванш у прынцыповых супернікаў. Мабыць, залішняе жаданне вызначыцца згуляла з падначаленымі Аляксандра Макрыцкага злы жарт. На 9-й хвіліне першага перыяду гульцы „Нёмана” адкрылі лік дзякуючы выпаду Мікалая Сусла. На 30-й хвіліне гарадзенцы падвоілі сваю перавагу, калі Антон Елісеенка рэалізаваў большасць. „Юнацтву”  ўдалося зраўняць лік. Спачатку вызначыўся Данііл Бокун, а затым у большасці шайбу закінуў Андрэй Сцяпанаў. Да фінальнай сірэны лік не змяніўся. Не змаглі выявіць мацнейшых каманды і ў авертайме. А ў серыі булітаў поспех быў на баку «Нёмана». Перамога гарадзенцаў азмрочылася траўмай асноўнага галкіпера Віталя Труса.

Міхаіл Захараў абвясціў імёны хакеістаў, выкліканых на збор перад турнірам у Попрадзе

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Захараў агучыў спіс хакеістаў на трэці вучэбна-трэніровачны збор перад міжнародным турнірам у славацкай Попрадзе. У лютаўскім кэмпе касцяк каманды складаюць хакеісты менскага „Дынама” і каманд экстралігі. Большасць беларусаў, якія выступаюць за расейскія каманды КХЛ, засталіся ў сваіх клубах, каб лепш падрыхтавацца да завяршальнай часткі рэгулярнага чэмпіянату і плэй-оф. Дапамагаць Міхаілу Захараву на гэты раз будзе Анатоль Чысцякоў, вядомы па працы ў такіх камандах КХЛ, як менскае „Дынама”, екацярынбургскі „Аўтамабіліст” і „Югра” (Ханты-Мансійск). Нацыянальная зборная адкрые кэмп 3 лютага на базе „Чыжоўка-Арэны”, а ўжо 5-га адправіцца ў Попрад, дзе прыме ўдзел у турніры Kaufland Cup. Акрамя беларусаў у спаборніцтвах прымуць удзел каманда Славакіі і алімпійская зборная Расеі. Беларуская дружына адкрые турнір 6 лютага матчам з гаспадарамі, а 7-га сустрэнецца з расейцамі.

Баскетбалісткі „Цмокi-Мiнск” абыгралі „Ніку” ў першым чвэрцьфінале Еўрапейскай лігі

У матчы ў Сыктыўкары  падначаленыя Андрэя Ваўлева выдатна правялі стартавую чвэрць, выйграўшы яе з розніцай 10 ачкоў. На вялікі перапынак гаспадыні скарацілі разрыў да мінімуму – 41:42, але потым мянчанкі зноў завалодалі ініцыятывай і выйгралі з лікам 75:69. Самай выніковай у складзе чэмпіёнак Беларусі стала Одэра Чыдам, у актыве якой 19 ачкоў. Матч у адказ за выхад у „Фінал чатырох” адбудзецца 12 лютага ў Менску.

«Барселона» выйшла ў чвэрцьфінал Кубка Іспаніі, разграміўшы «Леганес»

У матчы 1/8 фіналу Кубка Іспаніі каталонская «Барселона» прымала «Леганэс». Сустрэча прайшла ў Барселоне на стадыёне «Камп Ноў» і завяршылася з лікам 5:0 на карысьць гаспадароў. Галамі адзначыліся Антуан Грызман, Клеман Лангле, Артур Рамас, дубль на рахунку Ліянэля Месі.  Дзякуючы гэтай перамозе «Барселона» выйшла ў чвэрцьфінал Кубка Іспаніі.

Лепшы беларускі велагоншчык завяршыў кар’еру

Васіль Кірыенка абвясціў пра завяршэнне кар’еры з-за праблем з сэрцам. «Гэта сумны дзень, але вымушаны прыслухацца да парад лекараў каманды. Была выдатная кар’ера. Гэта было неверагоднае падарожжа. Удзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў», – сказаў спартовец. Васіль Кірыенка быў чэмпіёнам свету на шашы і трэку, двухразовым чэмпіёнам Еўрапейскіх гульняў, а таксама пераможцам этапаў Гранд-тураў – «Вуэльты» і «Джыра».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pressball.by

[manual_related_posts]