Менскае „Дынама” разграміла расейскае „Тарпеда”



Менскае „Дынама” 17 кастрычніка ў чарговым матчы рэгулярнага розыгрышу КХЛ прымала на сваім лёдзе расейскае „Тарпеда” з Ніжняга Ноўгараду. Гэты клуб у турнірнай табліцы намнога вышэй „зуброў” – тарпедаўцы ідуць на 4-ым месцы канферэнцыі. У разе няўдачы гаспадары пляцоўкі рызыкавалі далёка адкаціцца ад зоны плэй-оф.

Таму бела-блакітныя з настроем узяліся за справу. У першым перыядзе дынамаўцы вызначыліся аднойчы – на 5-й хвіліне Куінтан Хаўдэн, калі менчукі гулялі ў бальшыні, запісаў сваё прозвішча на табло.

У другім перыядзе Ілля Шынкевіч павялічыў перавагу „зуброў” (25-я хвіліна). Але пасля гэтага гасцям удалося скараціць розніцу ў ліку. На 38-й хвіліне парадаваў менскіх заўзятараў Аляксандр Кулакоў – 3:1. Трэба адзначыць таксама два асісты ў гэтым перыядзе Ягора Шаранговіча. З такім лікам клубы пайшлі на перапынак.

У заключнай траціне матчу спярша поспеху дамогся наш абаронец Уладзімір Дзянісаў. А на 57-й хвіліне Хаўдэн аформіў асабісты дубль. Выніковы лік – 5:1 на карысць беларускага клубу.

Менскае „Дынама” набрала пасля гэтай вікторыі 31 ачко і па-ранейшаму ідзе на 9-ым месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. На 8-й пазіцыі „Северсталь”, у якой 33 ачкі.

Беларускае Радыё Рацыя