Менскае «Дынама» ўтрымлівае лідарства па наведвальнасці ў чэмпіянаце КХЛ



Колькасць гледачоў на хатніх матчах менскага «Дынама» ў КХЛ у параўнанні з мінулым сезонам вырасла на 24,4%. Беларускі клуб стаў лідарам чэмпіянату-2019/20 па сярэдняй наведвальнасці. Запаўняльнасць «Менск-Арэны», трыбуны якой разлічаныя на 15 086 чалавек, павялічылася на 16,7%. Па выніках 8 тыдняў «рэгуляркі» безумоўным лідарам стала менскае «Дынама».

Беларускія цяжкаатлеты заваявалі восем медалёў на турніры алімпійскай кваліфікацыі ў Гародні

Беларускія спартоўцы заваявалі восем медалёў на міжнародным турніры алімпійскай кваліфікацыі па цяжкай атлетыцы Alexander cup 2019, які завяршыўся ў Гародні. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ў суме двуборства падняліся беларусы Дзіна Сазанавец і Максім Мудрэўскі. Сярэбранымі прызёрамі турніру сталі Дарʼя Навумава, Генадзь Лапцеў, Вадзім Ліхарад. Бронзавыя ўзнагароды заваявалі іх партнёры па камандзе Юлія Асаёнак, Пётр Асаёнак і Яўген Ціханцаў. У камандным заліку ў мужчын на першай пазіцыі размясцілася Беларусь, другое месца заняла каманда Кітая. Замкнулі тройку лідараў армянскія атлеты. Сярод дзяўчат найлепшымі апынуліся кітайскія спартоўкі. Беларуская зборная на другой пазіцыі, на трэцяй – расейская каманда.

Захар Волкаў працягнуў кантракт з БАТЭ

Абаронца БАТЭ Захар Волкаў працягне выступаць за барысаўскі клуб. Бакі падпісалі новы кантракт. Выхаванец віцебскага футбола далучыўся да «жоўта-сініх» у канцы 2017-га. За амаль два сезоны правёў 58 афіцыйных паядынкаў, забіў тры мячы і аддаў дзве выніковыя перадачы.

Павел Варабей пакінуў «Пеліканс»

Беларускі абаронца Павел Варабей пакінуў фінскі «Пеліканс», за які выступаў з канца жніўня на правах арэнды, і працягне карʼеру ў КХЛ. 22-гадовы хакеіст правёў у форме клуба з Лахці 15 матчаў у фінскай лізе і набраў 4 (1+3) балы пры паказчыку карыснасці +3. Як паведамляе афіцыйны сайт «Пеліканс», кантракт з Варабʼём скасаваны, так як у гульца зʼявілася магчымасць вярнуцца ў КХЛ. Правы на Варабʼя ў КХЛ належаць «Аўтамабілісту», які ў міжсезонне выменяў менчука ў «Сібіры».

Чэмпіянат Еўропы па муай-тай стартуе ў Менску

Чэмпіянат Еўропы па муай-тай стартуе сёння ў менскім Палацы спорту. Беларусь на кантынентальным форуме прадставяць 90 атлетаў (дарослыя і юніёры). Сярод іх пераможцы і прызёры міжнародных спаборніцтваў, чэмпіянатаў Еўропы і свету Дзмітрый Варац (67 кг), Андрэй Кулебін (71 кг), Віталь Гуркоў (75 кг), Зміцер Валент (86 кг), Дарʼя Бялькова (60 кг).

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]