Менскае „Дынама” падзяліла ачкі з „Віцебскам”
Футбалісты менскага „Дынама” не ўтрымалі перамогу над „Віцебскам” у дамашнім матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі.
Абедзве каманды знаходзяцца ў лідзіруючай групе і таму рэзультат іх паядынку на полі сталічнага стадыёна „Трактар” быў вельмі важны ў плане далейшай барацьбы за ўзнагароды. Гаспадары адкрылі лік на 33-й хвіліне пасля ўдару лідара атак Антона Сарокі. У другой палавіне гульні госці змаглі адыграцца – на 70-й хвіліне вызначыўся Бруна Фурлан – 1:1. Да фінальнага свістка рэзультат не змяніўся. Такім чынам, менчане па-ранейшаму апярэджваюць віцябчан на адно ачко.
Рэзультаты матчаў, якія адбыліся раней: „Нёман” (Гародня) – БАТЭ (Барысаў) – 2:3, „Шахцёр” (Салігорск) – „Луч” (Менск) – 4:0, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – „Днепр” (Магілёў) – 1:0, „Гарадзея” – „Мінск” – 1:2, „Тарпеда” (Менск) – „Слуцк” – 0:1.
Становішча ў групе лідараў: БАТЭ – 31 ачко (12 матчаў), „Дынама” (Менск) – 25 (12), „Шахцёр” – 24 (12), „Віцебск” – 24 (12).
belta.by
