Менскае і берасцейскае „Дынама” паспяхова стартавалі ў чэмпіянаце



Трыма матчамі ў нядзелю, 31 сакавіка, завяршаецца 1-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі.

Радыкальна абноўленае ў міжсезонне менскае „Дынама” прымала на сваім полі мазырскую „Славію”. зыход сустрэчы вырашыў адзін гол, які запісаў на свой рахунак вядомы бамбардзір Ягор Зубовіч, што выйшаў на замену. Здарылася вырашальная падзея матчу на 64-й хвіліне. У выніку 1:0 на карысць сталічнага „Дынама”.

У цэнтральным матчы стартавага туру жодзінскае „Тарпеда” змагалася пры сваіх гледачах з берасцейскім „Дынамам”, якое многія называюць ценевым фаварытам. У складзе каманды з берагоў Бугу зараз сапраўды сабрана дастаткова шмат моцных гульцоў па беларускіх мерках.

Жодзінцы, якіх узначальвае Вадзім Скрыпчанка, далі бой гасцявому калектыву, але пры ліку 0:0 не рэалізавалі свае моманты. Берасцейцы ж былі больш удалымі. На 63-й хвіліне пасля скідкі Дзянісава Лапцева мяч трапіў у штангу, але яго дабіў у сетку капітан „бела-блакітных” Павел Няхайчык

На 87-й хвіліне пасля грубай памылкі брамніка Андрэя Гарбунова, Жаэль Фамее другі раз затоўк мяч у сетку жодзінцаў. Толькі ў даданы час Валерый Гарбачык эфектным ударам змог забіць мяч прэстыжу. Фінальны свісток зафіксаваў вікторыю берасцейскага „Дынама” – 2:1.

У заключным матчы 1 тура ФК „Слуцк” і „Энергетык”-БДУ разышліся мірам – 0:0.

Беларускае Радыё Рацыя