Менскія дынамаўцы перамаглі па булітах „Барыс”



Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі па булітах „Барыс” з лікам 3:2 (1:1, 1:0, 0:1, 0:0, 1:0) і атрымалі другую перамогу запар на дамашняй пляцоўцы.

Пасля поспеху на два дні раней у паядынку з маскоўскім „Дынама” (5:1) менчане таксама ўпэўнена правялі сустрэчу з камандай з Казахстана, узяўшы рэванш за паражэнне (1:4) 21 верасня ў Астане.

„Дынама-Мінск” – „Барыс” – 3:2 (1:1, 1:0, 0:1, 0:0, 1:0)

Мінск. „Мінск-Арэна”. 11212 гледачоў.

„Дынама-Мінск”: Энрат; Граньяні – Дзянісаў (к), Лінгле – Хаўдэн – Гаўрус; Шынкевіч – Дзюкаў, Кітараў – Волкаў – Паўловіч; Хенкель – Знахарэнка, Дрозд – Кавыршын – Мацярухін; Кулакоў – Шаранговіч – Сцяпанаў; Усціненка, Д.Буйніцкі.

„Барыс”: Карлсан; М.Сямёнаў – Далмэн, Доус (к) – Вэй – Фрэцін; Ліпін – Полахаў, Жайлаўаў – Сен-П’ер – Пушкароў; Саўчанка – Шалапаў, Міхайліс – Гуркоў – Старчанка; Арэхаў – Маклюкоў, Акользін – Сагадзееў – Маркелаў.

Шайбы: 0:1 – Жайлаўаў (Сен-П’ер, Пушкароў, 12.35). 1:1 – Кітараў (Дрозд, Шынкевіч, 18.11). 2:1 – Хаўдэн (Граньяні, Мацярухін, 37.56). 2:2 – Доус (Жайлаўаў, Саўчанка, 59.09). 3:2 – (Сцяпанаў, 65.00, вырашальны буліт).

Кідкі: 32 -25.

Штраф: 22 – 16.

Найбольш цікавым атрымаўся першы перыяд праведзенага паядынку. Абедзве каманды пастараліся актыўна дзейнічаць у нападзенні. Небяспечных момантаў каля варот было створана дастаткова. Першымі закінулі дынамаўцы. Дакладным кідком вызначыўся Ілья Шынкевіч, але арбітры матчу пасля відэапрагляду эпізоду вызначылі становішча па-за гульнёй у „зуброў”. У хуткім часе галявую камбінацыю разыгралі госці. Талгат Жайлаўаў на 13-й мінуце нанёс дакладны кідок з сярэдняй дыстанцыі ў правую ад Юнаса Энрата „дзявятку” варот. Гаспадары пляцоўкі змаглі адыграцца пад канец перыяду. Пстрычку ад сіняй лініі Ільі Шынкевіча галкіпер „Барыса” Хенрык Карлсан адбіў, але своечасова на дабіванні шайбы на пятачку згуляў Аляксандр Кітараў – 1:1.

Другі перыяд гульні мінчанам давялося пачынаць у колькаснай меншасці. Гэты няпросты адрэзак падапечныя Гордзі Дуаера правялі ўпэўнена. „Зубры” некалькі разоў дзейнічалі ў большасці, але павялічыць перавагу ў ліку ім ніяк не ўдавалася. Паспяховай стала камбінацыя на 38-й мінуце гульні. Аўтарам другой шайбы ў вароты „Барыса” стаў Куінтан Хаўдэн, які з вострага вугла адправіў шайбу пад шчыткамі галкіпера сапернікаў – 2:1.

Астанінцы змаглі зраўнаваць лік менш як за мінуту да завяршэння асноўнага часу гульні. У гэты момант „Барыс” дзейнічаў у большасці, і на пятачку дынамаўцаў своечасова згуляў на дабіванні адзін з лідараў атакі гасцей Найджэл Доус – 2:2. У авертайме галоў не аказалася, а ў серыі булітаў больш паспяховымі былі гаспадары пляцоўкі.

Пасля 18 матчаў у дзясятым чэмпіянаце КХЛ менчане набралі 22 ачкі і займаюць дзясятае месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Наступную гульню падапечныя Гордзі Дуаера правядуць 6 кастрычніка на выездзе з маскоўскім „Дынама”.

belta.by