Менскія „Цмокi” прабіліся ў плэй-оф Кубка ФІБА-Еўропа



Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прабіліся ў плэй-оф розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа. У заключным матчы другога групавога этапу чэмпіёны Беларусі на пляцоўцы менскага „Фалькон клуба” адолелі ў авертайме румынскі клуб „Орадзя” з лікам 68:62. Па ходу сустрэчы гаспадары выйгравалі з перавагай больш за 10 ачкоў, але ў канцоўцы апошняй чвэрці умудрыліся разгубіць перавагу, і толькі за секунду да сірэны Максім Скавыш трохачковым кідком перавёў гульню ў авертайм. У дадатковай пяціхвілінцы мінчане згулялі лепш за супернікаў і дамагліся перамогі.

Івашка выйшаў у 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Пуне

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 152-і нумар рэйтынгу АТР, выйшаў у чвэрцьфінал турніру ў індыйскай Пуне з прызавым фондам  546 тысяч даляраў.  У матчы 1/8 фіналу адзіночнага разраду беларус за дзве гадзiны перайграў на двух тай-брэйках італьянскага тэнісіста Стэфана Травалья  – 7:6, 7:6. У паядынку першага раўнда Ілля Івашка перамог расіяніна Яўгена Данскога – 6:3, 6:2. У чвэрцьфінале супернікам беларуса будзе чэх Іржы Вясёлы.

Вызначыліся пары паўфіналістаў вырашальнага этапу Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе

У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі прайшло лёсаванне вырашальнага этапу Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У першым паўфінале 24 красавіка ў 18.00 на паркет „Мінск-Арэны” выйдуць іспанская „Барселона” і расейскі клуб КПРФ з Масквы. Услед за імі, у 21.00, сустрэнуцца іспанская „Мурса” і расейская „Цюмень”. Пераможцы паўфінальных баталій 26 красавіка ў 18.00 згуляюць у вырашальным паядынку за галоўны трафей, а перад імі, у 15.30, адбудзецца сустрэча за 3-е месца. У мінулым сезоне пераможцам гэтага турніру стаў партугальскі „Спортынг” з Лісабона, які абыграў у фінале казахстанскі „Кайрат” з Алматы, трэцяе месца заняла „Барселона”. Самым тытулаваным клубам Старога Свету з’яўляецца іспанскі „Інтэр Мовістар”, які пяць разоў станавіўся ўладальнікам Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў.

Гандбалісты нямецкага „Кіля” разграмілі „Вардар” у Лізе чэмпіёнаў

Гандбалісты нямецкага „Кіля” атрымалі восьмую перамогу на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У хатнім матчы 11-га тура лідар групы B упэўнена перайграў дзеючага пераможцу чэмпіёнскай Лігі паўночнамакедонскі „Вардар” са Скоп’е з лікам 34:23. Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова свой чарговы паядынак правядзе 9 лютага ў Запорожжы супраць яшчэ аднаго аўтсайдэра гэтай групы „Матора”. У складзе ўкраінскага чэмпіёна выступаюць беларускія гандбалісты Барыс Пухоўскі і Максім Бабічаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя