Міхаіл Грабоўскі пакінуў пасаду спартовага дырэктара менскага „Дынама”



Міхаіл Грабоўскі пакінуў пасаду спартовага дырэктара менскага „Дынама”. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе менскага клуба.

Міхаіл застанецца працаваць у клубе ў якасці памочніка галоўнага трэнера „зуброў” Крэйга Вудкрафта.

На пазачарговай канферэнцыі ФХРБ афіцыйна адбылася змена яе кіраўніка. Месца Генадзя Савілава, які падаў у адстаўку, заняў генеральны дырэктар менскага „Дынама” Дзмітрый Баскаў. Рашэнне аб яго абранні было прынята аднагалосна.

Беларускія лёгкаатлеты выйгралі тры ўзнагароды на турнірах у Чэхіі і Германіі

На спаборніцтвах у Астраве (Чэхія) перамогу святкаваў скакун у вышыню Максім Недасекаў. Перамогу Максіму прынесла заваяванне вышыні 2,24 м. Другое месца заняў літовец Андрус Грыбаўскас. Бронзавая ўзнагарода на рахунку італьянца Джанмарка Тамберы.

На бронзавым этапе World Athletics Continental Tour ў нямецкім горадзе Дессау Эльвіра Герман выйграла фінальны забег на 100 м з бар’ерамі. Другое месца заняла амерыканка Чадвік Пэйтан. Фінская спартоўка Лота Хара прыбегла да фінішу трэцяй.

У сектары для скачкоў у даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова ў чацвёртай спробе прадэманстравала вынік 6,72 м. Ён прынёс ёй бронзавую ўзнагароду. Перамагла нямецкая спартоўка Малаіка Міхамбо, срэбра ва ўкраінкі Марыны Бех-Раманчук.

БАТЭ прыме берасцейскае „Дынама” ў 1/8 фіналу розыгрышу кубка Беларусі

У менскім Доме футбола прайшло лёсаванне пар 1/8 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі. Дзеючы ўладальнік трафея барысаўскі БАТЭ ў паядынку за пуцёўку ў чвэрцьфінал прыме чэмпіёнаў краіны футбалістаў берасцейскага „Дынама”. Астатнія пары: „Слуцк” – „Шахцёр” (Салігорск), „Крумкачы” (Менск) – „Іслач” (Менскі раён), „Рух” (Берасце) – „Менск”, „Гарадзея” – „Арсенал” (Дзяржынск) , „Спадарожнік” (Рэчыца) – „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна), „Энергетык-БДУ” (Менск) – „Віцебск”. Супернік мазырскай „Славіі” вызначыцца пасля заключнага матчу 1/16 фіналу, у якім „Слонім” 30 верасня прыме на сваім полі гарадзенскі „Нёман”.

Дзіцячаму клубу плавання Аляксандры Герасімені адмоўлена ў дамове арэнды

Трохразовы прызёр Алімпійскіх гульняў па плаванні Аляксандра Герасіменя заявіла, што яе клубу плавання не падпісваюць дагавор арэнды ў школе № 2 з-за палітычнай пазіцыі знакамітай спартоўкі.

„На дадзены момант клуб знаходзіцца пад дзяржаўнай санкцыяй, у прыватнасці санкцыі упраўлення адукацыі Фрунзенскага раёна, дзе нам проста не падпісваюць арэнду і не даюць магчымасці працаваць з нашым дзеткамі. Хачу адзначыць, што вы ўсе маеце права падаць скаргу, калектыўную скаргу, ва ўпраўленне адукацыі. Ад сябе адзначу, мы не будзем здавацца, а будзем змагацца за наша права і нашых дзяцей, будзем адстойваць той час, які нам належыць. Я прыношу прабачэнні ад клуба, што ў дадзенай сітуацыі нашы дзеці ўжо некалькі тыдняў не плаваюць. Але ўпэўнена, што вельмі хутка ўсё скончыцца і мы з вамі зноў пабачымся на блакітных дарожках”, – цытуе TUT.by зварот спартоўкі да бацькоў, чые дзеці займаюцца ў клубе.

Матч Партугалія – ​​Беларусь перанесены: у беларускіх гульцоў станоўчыя тэсты на COVID-19

Матч кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы УЕФА (U-21) 2021 года з удзелам моладзевых зборных Партугаліі і Беларусі не адбудзецца ў даты бягучай міжнароднай паўзы. Дадзенае рашэнне прынята з улікам таго, што ў некалькіх футбалістаў моладзевай зборнай Беларусі тэсты на наяўнасць віруса COVID-19 паказалі станоўчы вынік, паведамляе сайт БФФ. Разглядаецца магчымасць правядзення матчу ў лістападзе.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя