Міхаіл Мустыгін: Думаю, у фінале будуць іграць Германія і Аргенціна



Чвэрцьфінальныя пары чэмпіяната свету па футболе, які працягваецца ў Бразіліі, ацэньвае легендарны савецкі футбаліст, былы форвард менскага “Дынама” Міхаіл Мустыгін.

Учора вызначыліся ўсе чвэрцьфінальныя пары мундыяля. 4 ліпеня згуляюць Францыя-Германія, Бразілія-Калумбія, 5 ліпеня – Аргенціна-Бельгія, Галяндыя-Коста-Рыка.

Францыя-Германія

Міхаіл МустыгінГерманія – вельмі моцная каманда. Глядзіш на яе адладжаную сістэму ўзаемадзеяння ігракоў на полі і адчуваеш моц. Можа быць, няўзброеным вокам гэта і не бачна, але мне, як прафесіяналу, усё зразумела. Францыя гуляе таксама няблага. Каманда прыехала на першынство без сваіх лідараў – Рыберы і Насры, але гэта яшчэ больш загартавала калектыў. Малайцы! Аднак пры ўсё павазе да французаў лічу, што немцы павінны выйсці ў паўфінал. Я наогул думаю, што ў фінале будуць іграць Германія і Аргенціна.

Бразілія-Калумбія

Міхаіл МустыгінУ гэтай пары фаварыт – Бразілія, хоць пакуль паказвае не самую лепшую гульню. Можа быць, менавіта ў гэтым матчы і раскрыецца, пакажа на што здольная. Ёсць жа цудоўныя выканаўцы – Неймар, Халк… Праўда, не трэба лічыць, што і Калумбія аддасць перамогу лёгка. Яна будзе гуляць таксама на перамогу і паглядзім, што атрымаецца. У такім прыкладна роўным матчы галоўнае яшчэ будзе залежыць і ад тактыкі трэнераў, якую тыя абяруць на гульню.

Аргенціна-Бельгія

Міхаіл МустыгінСтаўлю на Аргенціну – Месі што-небудзь прыдумае для каманды. Але і зборная Бельгіі спадабалася. Вы паглядзіце, там жа практычна ніводнага гульца, які раней выступаў на буйных форумах. Адна моладзь ды якая! Зараз яе “абкатаюць” на чэмпіянаце, а праз некалькі гадоў, паверце мне, гэтая каманда яшчэ пра сябе гучна нагадае. Але якраз адсутнасць вопыта і можа перашкодзіць бельгійцам прайсці чвэрцьфінальную стадыю.

Галяндыя-Коста-Рыка

Міхаіл МустыгінПераможа Галяндыя. Коста-Рыка, безумоўна, нарабіла сенсацый на гэтым чэмпіянаце, але, калі аб’ектыўна ацэньваць сілы каманд, то еўрапецы на галаву мацнейшыя. Было бачна, што напрыканцы матча з грэкамі лацінаамерыканцы ледзь бегалі. Ці хопіць ім фізічнай падрыхтоўкі яшчэ і на матч з Галяндыяй? Вось у чым пытанне. Але, на мой погляд, як бы не закончыўся гэты матч для Коста-Рыкі, для сябе зборная ўжо перамагла на гэтым чэмпіянаце. Выдатны поспех! Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што сёння слабых каманд у свеце становіцца ўсё менш і менш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя