Мірны і Освальд пераможна стартавалі на Australian Open



Беларус Максім Мірны і аўстрыйскі тэнісіст Філіп Освальд пераможна стартавалі ў мужчынскім парным разрадзе адкрытага чэмпіянату Аўстраліі.

У сваім першым матчы Мірны і Освальд сустракаліся 17 студзеня з італьянска-ізраільскім тандэмам Томас Фабіяна / Дудзі Села і перамаглі – 7:6 (7:5), 3:6, 7:6 (7:4). Яшчэ адзін беларускі тэнісіст Андрэй Васілеўскі і чыліец Ханс Падліпнік-Касцілья згуляюць з аргенцінскім дуэтам Гвіда Пелья / Дыега Шварцман.

У спаборніцтвах жаночых пар беларуска Арына Сабаленка і расіянка Вераніка Кудзярметава будзе сапернічаць з дуэтам Сарана Кірсця (Румынія) / Беатрыс Хадад Мая (Бразілія).

Аляксандра Сасновіч 18 студзеня ў паядынку 1/32 фіналу адзіночнага разраду згуляе з харвацкай тэнісісткай Мір’янай Лучыч-Бароні. У першай сустрэчы цяперашняга Australian Open Аляксандра выйграла ў амерыканкі Крысціны Макхейл у двух сэтах – 6:3, 6:2.

belta.by