Міжнародная федэрацыя праверыць, чаму пераследуюць беларускіх лыжніц



Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту высвятляе, чаму пераследуюць беларускіх лыжніц. Раней стала вядома, што ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах, як мяркуецца, з палітычных матываў адхілілі Дар’ю Далідовіч і Святлану Андрыюк. Лыжніцы кажуць, што беларускія спартыўныя функцыянеры абвінавачваюць іх у падтрымцы… апазіцыі.

У канцы мінулага года Беларускі лыжны саюз дэактываваў індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя нумары Далідовіч і Андрыюк. Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту гэта пацвярджае. Цяпер яна звязваецца з беларускай федэрацыяй, „каб атрымаць усю інфармацыю пра згаданых спартсменак”. Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту абяцае абнародаваць новую інфармацыю па справе, калі атрымае яе.
 
Перад гэтым у міжнародную федэрацыю звярнуўся Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці і заклікаў „разгледзець справу аб дыскрымінацыі Дар’і Далідовіч і Святланы Андрыюк і аднавіць іх у праве ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах”. Таксама Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці збіраецца звярнуцца ў Міжнародны алімпійскі камітэт.

Беларускае Радыё Рацыя