Моладзевы ЧС па хакеі: Канада ў паўфінале разграміла Расею



У ноч на 5 студзеня паводле беларускага часу ў Эдмантане прайшлі паўфінальныя паядынкі моладзевага чэмпіянату свету па хакеі.

Першымі выйшлі на лёд дружыны Канады і Расеі. Фаварытамі лічыліся „клёнавыя лісты” і яны хутка пацвердзілі  гэты статус, закінуўшы шайбу ўжо на першай хвіліне. Канадцы працягнулі наступ і яшчэ двойчы ў першым перыядзе парадавалі сваіх заўзятараў. Па-сутнасці справа была зроблена і далей каманда Канады дзеіла ў больш спакойным тэмпе. У выніку яе ўпэўненая вікторыя – 5:0.

Іншым фіналістам стала дружына ЗША, якая ў напружаным змаганні адолела каманду Фінляндыі – 4:3. У пачатку трэцяга перыяду лік быў 3:1 на карысць амерыканцаў, але валявыя суомі ўсё ж здолелі параўняць лік – 3:3. І ўсё ж да авертайму справа не дайшла – за хвіліну да канца асноўнага часу каманда ЗША змагла закінуць эфектную шайбу і перамагчы.

Такім чынам у ноч на 6 студзеня ў матчы за бронзу сустрэнуцца зборныя Фінляндыі і Расеі. Потым галоўны тытул турніру аспрэчаць паўночнаамерыканскія дружыны.

Беларускае Радыё Рацыя