Моладзевы ЧС па хакеі пройдзе летам у Канадзе



Моладзевы чэмпіянат свету па хакеі-2022 адбудзецца ў Канадзе сёлета. Турнір прыме канадская правінцыя Альберта. Даты чэмпіянату будуць аб’яўлены пасля Алімпійскіх гульняў у Пекіне, заявіў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) Люк Тардзіф. МЧС-2022 стартаваў у снежні 2021 года ў Эдмантане і Рэд-Дыры, аднак з-за станоўчых тэстаў на каронавірус у складах зборных ЗША, Чэхіі і Расеі IIHF аб’явіла аб адмене спаборніцтваў.

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў прайграў у 1/16 фіналу турніру ў Індыі

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (104-ы нумар сусветнага рэйтынгу) завяршыў выступленне на турніры катэгорыі АТР-250 у індыйскай Пуне. У паядынку 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларус прайграў у двух сэтах фінскаму тэнісісту Эмілу Руўсувуоры (87) – 0:6, 6:7 (11:13).

Павел Раднянок стаў галоўным трэнерам «Энергетыка”-БДУ

Пасаду галоўнага трэнера сталічнага „Энергетыка”-БДУ пакінуў 59-гадовы беларускі спецыяліст Уладзімір Бяляўскі. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Замест яго пасаду заняў 57-гадовы Павел Раднянок. У мінулым годзе ён працаваў з дублюючым складам.

Брамнік Максім Плотнікаў падпісаў кантракт з „Шахцёрам”. Як паведамляе прэс-служба „гарнякоў”, пагадненне з гульцом разлічана на 2 гады. З 2019 года Плотнікаў выступаў за менскае „Дынама”. У мінулым сезоне вышэйшай лігі брамнік на поле не выходзіў.

Чэмпіянат свету па водных відах спорту ў Катары перанесены на 2024 год

Чэмпіянат свету па водных відах спорту ў Катары перанесены на 2024 год, паведамляе прэс-служба Міжнароднай федэрацыі плавання. Першапачаткова турнір павінен быў прайсці ў 2023 годзе. Аднак раней на 2023 год у сувязі з пандэміяй каранавіруса FINA (Міжнародная федэрацыя плавання) перанесла чэмпіянат свету – 2021 у японскай Фукуока.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]