Мужчынская зборная Вялікабрытаніі адмовілася ехаць у Беларусь



Мужчынская зборная Вялікабрытаніі адмовілася ехаць у Менск на адборавы матч чэмпіянату свету па баскетболе, які меўся прайсці 25 лютага ў Палацы спорту. Прычынай адмовы сталі магчымыя ваенныя дзеянні паміж Расеяй і Украінай, у якія можа быць уцягнута Беларусь.

Міжнародная федэрацыя баскетбола яшчэ не прыняла рашэнне адносна новага месца і часу правядзення матчу. Гульня ў адказ паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю запланавана на 28 лютага і павінна прайсці ў Ньюкасле. 18 лютага МЗС Вялікабрытаніі на сваім сайце рэкамендавала грамадзянам Злучанага Каралеўства ўстрымацца ад паездак у Беларусь.

Беларускія тэнісісткі выйшлі ў 1/16 фіналу турніру ў Досе

Дзве беларускія тэнісісткі выйшлі ў другі раунд турніру катэгорыі WTA-1000 у катарскай Досе. У матчы 1/32 фіналу Аляксандра Сасновіч разграміла ў двух сэтах кітайскую тэнісістку Чжан Шуай (66) – 6:1, 6:1. У другім раундзе суперніцай беларускі будзе дзясятая ракетка свету Унс Джабір з Туніса. Сасновіч прабілася ў асноўную сетку праз кваліфікацыю. У першым крузе ўпэўнена перайграла ў двух сэтах румынку Ану Богдан (101) – 6:1, 6:1, а затым перамагла бельгійскую тэнісістку Кірстэн Фліпкенс (324) – 6:3, 6:2.

Сабаленка займае 2-е месца, Азаранка паднялася на адзін радок у рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка засталася на другой пазіцыі ў абноўленым рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Вікторыя Азаранка паднялася на адзін радок – з 17-га на 16-ты, Аляксандра Сасновіч займае 62-е месца (968), у Вольгі Гаварцовай 152-я пазіцыя. Лідыруе Эшлі Барці з Аўстраліі. У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) найлепшы з беларусаў Ілля Івашка займае 45-е месца. Серб Новак Джокавіч па-ранейшаму першы.

Павел Кленье падпісаў кантракт з „Менскам”

Беларускі форвард Павел Кленье (1999) падпісаў кантракт з „Менскам”. Пагадненне з футбалістам разлічана на адзін сезон, паведамляе прэс-служба „гараджан”. У мінулым сезоне Кленье выступаў за „Тарпеда”-БелАЗ. У 11 матчах вышэйшай лігі ён забіў тры галы.

Беларусь дзеліць з Украінай другое месца сярод краін па колькасці алімпійскіх медалёў, страчаных з-за допінгу

Беларусь уваходзіць у тройку краін па колькасці алімпійскіх медалёў, якія забралі з-за допінгу. Беларусь дзеліць другі радок з Украінай – 11 медалёў. Першае месца займае Расея з 46-цю медалямі. Пазбаўляліся медаляў з-за допінгу прадстаўнікі двух відаў спорту – лёгкай і цяжкай атлетыкі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]