„Мяшкоў Берасце” 14-ы раз стаў чэмпіёнам Беларусі па гандболе



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” дзявяты раз запар і 14-ы ў гісторыі сталі чэмпіёнамі Беларусі.

У вырашальным паядынку за золата 30-га нацыянальнага першынства са сталічным «СКА» на паркеце берасцейскага спарткомплексу „Вікторыя” гаспадары вельмі магутна правялі першы тайм, пайшоўшы на перапынак з перавагай у пяць мячоў, – 15:10. У другой палове сустрэчы менчане кінуліся ў пагоню і праз 12 хвілін скарацілі разрыў да мінімуму – 19:18. Аднак большага ім дамагчыся не ўдалося – берасцейцы ў выніку перамаглі  30:27. Найлепшым бамбардзірам чэмпіянату Беларусі стаў адзін з лідараў берасцейскага клуба Мікіта Вайлупаў, які закінуў 239 мячоў.

Берасцейцы з’яўляюцца рэкардсменамі па колькасці чэмпіёнскіх тытулаў – 14. Акрамя іх золата заваёўвалі сталічныя СКА (10 разоў), „Дынама” (5) і „Аркатрон” (1).

„Энергетык-БДУ” абыграў „Арсенал”

Футбалісты сталічнага „Энергетыка-БДУ” перамаглі дзяржынскі „Арсенал” у выязным паядынку 9-га тура чэмпіянату Беларусі.

Абодва мячы матчу ў Гарадзеі госці забілі ў першым тайме. На 7-й хвіліне свой 10-ы гол забіў лепшы бамбардзір беларускага першынства ўзбекскі нападнік мінчан Бабір Абдзіхолікаў, а яшчэ праз 15 хвілін Аляксандр Свірэпа ўсталяваў канчатковы лік – 2:0. У першым  матчы тура футбалісты „Менска” перамаглі на сваім полі дзеючага чэмпіёна краіны салігорскі „Шахцёр” – 1:0. Адзіны гол у гэтай сустрэчы на 56-й хвіліне забіў Антон Шрамчанка.

Сёння бабруйская „Белшына” згуляе на хатняй арэне з „Іслаччу” з Менскага раёна. Яшчэ тры сустрэчы адбудуцца ў нядзелю: магілёўскі „Дняпро” прыме берасцейскае „Дынама”, мазырская „Славія” пазмагаецца з гарадзенскім „Нёманам”, а сталічнае „Дынама” прыме „Віцебск”. Два матчы з удзелам фіналістаў розыгрышу Кубка Беларусі перанесены: „Гомель” – „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна), БАТЭ (Барысаў) – „Слуцк”.

Магілёўскі ЦАР стаў уладальнікам Суперкубка па пляжным футболе

Спартоўцы магілёўскага клуба ЦАР сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі па пляжным футболе, упэўнена перамогшы „Шчучын”.

У паядынку за першы трафей новага сезона магіляўчане выйгралі з перавагай у восем мячоў – 12:4. У складзе пераможцаў хет-трык аформіў Іван Канстанцінаў. Два папярэднія сезоны запар уладальнікам Суперкубка станавіўся „Гародняаблспорт”, які абодва разы перамагаў магіляўчан.

Ярашэвіч перамог на першым турніры Барцоўскай лігі Паддубнага

Беларускі спартовец Ігар Ярашэвіч заваяваў залаты медаль першага турніру Барцоўскай лігі Паддубнага (PWL), які праходзіць у Маскве.

Фінал турніру па грэка-рымскай барацьбе ў вагавай катэгорыі да 87 кг выйшаў поўнасцю беларускім: да фінальнай стадыі дабраліся Ігар Ярашэвіч і Кірыл Маскевіч. У вырашальнай сутычцы Ярашэвіч перамог на тушэ 6:3, паклаўшы суперніка на лапаткі. Прадстаўнік Беларусі Магамедхабіб Кадзімагамедаў у фінальным паядынку ў вагавой катэгорыі да 79 кг адолеў расійскага спартоўцы Радзіка Валіева 8:7.Таксама беларуская спартоўка Ірына Курачкіна заваявала залаты. У фінальным паядынку турніру па жаночай барацьбе ў вагавай катэгорыі да 57 кг Курачкіна перамагла расіянку Вераніку Чумікаву. У канцоўцы вырашальнай сутычкі беларуска саступала ў ліку 2:4, але дзякуючы ўдаламу нападу на апошніх секундах усё ж вырвала перамогу – 6:4.  У спаборніцтвах у Маскве прынялі ўдзел наймацнейшыя барцы Расеі, Беларусі, Індыі, Узбекістана, Таджыкістана, Азербайджана, Кыргызстана, Арменіі, Туркменістана, а таксама адзін атлет з Украіны.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]