„Мяшкоў Брэст” абыграў „Эльверум” у матчы гандбольнай Лігі чэмпіёнаў




Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” здабылі першую перамогу ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У матчы 9-га тура папярэдняй групы А чэмпіёны Беларусі адолелі ў гасцях нарвежскі „Эльверум” з мінімальнай перавагай  – 33:32. Пераможны мяч за секунду да фінальнай сірэны закінуў галкіпер берасцейцаў Іван Мацкевіч, які трапіў у пустую брамку гаспадароў дакладным далёкім кідком. Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Мікіта Вайлупаў, які закінуў 8 мячоў. У першым матчы нарвежцы выйгралі ў Берасці 30:27. У папярэдніх матчах чэмпіёны Беларусі здолелі здабыць толькі адзін бал, згуляўшы ўнічыю з харвацкім „Заграбам” 30:30.

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі СКА ў матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” саступілі піцерскаму СКА ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася з лікам 1:2. Адзіную шайбу «зуброў» у другім перыядзе закінуў Матыяс Тэдэнбю. Наступны матч „Дынама” правядзе заўтра супраць падмаскоўнага „Віцязя”.  

„Юнацтва” ўзяло верх над „Нёманам”

У матчы Parimatch-Экстралігі „Юнацтва” на хатняй арэне перайграла гарадзенскі „Нёман” 2:1. На шайбы Кашкара і Юхарава ў складзе «Нёмана» адказаў напрыканцы матча Грэцкі. „Шахцёр” на хатняй арэне разграміў „Брэст” 5:0. „Ліда” здзейсніла ўражлівы камбэк у матчы з „Дынама” Маладзечна. Прайграючы з лікам 0:2 хакеісты «Ліды» у выніку выйгралі з лікам 6:3.  

„Крумкачы” пакінулі двое футбалістаў

„Крумкачы” расталіся з двума гульцамі. У абаронцы Уладзіслава Шубовіча скончыўся тэрмін арэнды. Ён вяртаецца ў размяшчэнне берасцейскага „Руху”. Таксама скасаваны кантракт з нападнікам Вадзімам Фастаўцом. У сёлетнім чэмпіянаце Шубовіч згуляў 20 матчаў і вызначыўся 2 галявымі перадачамі, а Фаставец у 8 матчах аддаў 2 галявыя перадачы. Сталічнаму клубу яшчэ трэба прыняць удзел у пераходных матчах за права выступаць у вышэйшай лізе.  

„Ліверпуль” разграміў „Эвертан”

„Ліверпуль” разграміў „Эвертан” у дэрбі 14-га тура чэмпіянату Англіі — 4:1 – Махамед Салах адзначыўся дублем. „Манчэстэр Сіці” ўзяў верх над „Астан Вілай” 2:1 дзякуючы галам Дыяша і Сілву. „Рэал” перамог „Атлетык” у матчы 9-га тура чэмпіянату Іспаніі — 1:0. Адзіны мяч забіў Карым Бензема. Мадрыдская каманда святкавала пятую перамогу запар і лідыруе ў турнірнай табліцы. „Мілан” упэўнена перамог „Джэноа” ў матчы 15-га тура чэмпіянату Італіі — 3:0. Першы мяч забіў ужо на 10-й хвіліне матчу Златан Ібрагімавіч, Жуніёр Месіяс адзначыўся дублем. «Інтэр» упэўнена абыграў «Спецыю» 2:0. “Сасуола” згуляў унічыю з «Напалі” 2:2. „ПСЖ” і „Ніца” згулялі ўнічыю ў матчы 16-га тура чэмпіянату Францыі – 0:0.

Беларускае Радыё Рацыя