„Мяшкоў Брэст” перамог „Кельце” у гандбольнай Лізе чэмпіёнаў



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” перапынілі трохматчавую серыю паразаў у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Гуляючы на ​​сваёй арэне з адным з фаварытаў папярэдняй групы А польскім „Кельце”, чэмпіёны Беларусі выйгралі першы тайм з перавагай у чатыры мячы – 15:11.

Пасля перапынку гаспадары працягвалі дамінаваць і ў выніку перамаглі з перавагай у пяць мячоў – 35:30. У матчы першага круга на арэне польскага клуба берасцейцы пацярпелі паразу з лікам 27:34. Нямецкі „Фленсбург” працягвае лідыраваць у групе, набраўшы 15 ачкоў пасля 9 матчаў, „Кельце” – 15 (пасля 10), „Мяшкоў Брэст” – мае 11 ачкоў пасля 11 гульняў.

Беларускія хакеісты прайгралі рэзерву зборнай Расеі

Зборная Беларусі па хакеі прайграла і другі матч на турніры ў Казахстане. На гэты раз падначаленыя Міхаіла Захарава саступілі рэзерву зборнай Расеі – 2:4. Ужо пасля першага перыяду беларусы саступалі 0:2, але да сярэдзіны другога змаглі зраўняць лік у матчы, дзякуючы шайбам Івана Драздова і Ігара Мартынава. Пасля гэтага расейцы зноў дадалі і давялі справу да перамогі. Адзначым добрую гульню 19-гадовага брамніка Аляксея Коласава, які адбіў 49 кідкоў у дэбютным матчы за зборную Беларусі.  Падначаленыя Міхаіла Захарава занялі апошняе месца на турніры.

Аляксандр Корзун перайшоў са „Слоніма-2017” у „Іслач”

Беларускі нападнік Аляксандр Корзун падпісаў кантракт з „Іслаччу”. Пагадненне з 20-гадовым форвардам разлічана на два гады, паведамляе прэс-служба „ваўкоў”. Корзун з’яўляецца выхаванцам „Іслачы”. Выступаў за юнацкія каманды „ваўкоў” на „ліцэнзаванні” і чатыры гады адыграў у дублюючым складзе. У мінулым годзе адправіўся за гульнявой практыкай у першую лігу, падпісаўшы кантракт з футбольным клубам „Слонім-2017”. Па выніках сезону Аляксандр стаў лепшым бамбардзірам каманды: правёў у чэмпіянаце 21 матч, забіў 6 галоў і аддаў 1 ​​перадачу.

Футбалісты „Баварыі” другі раз выйгралі клубны чэмпіянат свету

Футбалісты мюнхенскай „Баварыі” другі раз сталі пераможцамі клубнага чэмпіянату свету, які завяршыўся ў Катары. У фінальным паядынку за першае месца трыумфатар еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў абыграў пераможцу Лігі чэмпіёнаў КОНКАКАФ мексіканскі „Тыгрэс” з Монтэрэя 1:0. Пераможны гол на зыходзе гадзіны гульнявога часу забіў французскі абаронца „Баварыі” Бенжамін Павар. У гульні за трэцяе месца егіпецкі „Аль-Ахлі” з Каіра адолеў у серыі пасляматчавых пенальці бразільскі „Палмейрас” з Сан-Паўлу – 3:2 (асноўны час скончыўся ўнічыю 0:0).

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота meshkovbrest.by