„Мяшкоў Брэст” прайграў „Эльверуму” ў гандбольнай Лізе чэмпіёнаў
Гандбалісты „Мяшкоў Брэст” прайгралі шосты матч запар на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Гэта найгоршы старт берасцейцаў у галоўным кантынентальным турніры за ўвесь час. Пасля пяці паразаў запар чэмпіёны Беларусі прыклалі максімум намаганняў, каб здабыць першыя ачкі ў хатнім паядынку з нарвежскім „Эльверумам”, але зноў гэтага зрабіць не ўдалося. Самым выніковым у складзе мяшкоўцаў апынуўся Уладзімір Враньеш, які забіў 7 мячоў. У заключным паядынку першага круга „Мяшкоў Брэст” 17 лістапада прыме на сваёй арэне яшчэ аднаго аўтсайдэра – харвацкі „Заграб”.
Баскетбалісткі „Гарызонта” перамаглі „Люблін” у розыгрышы Еўракубка
Баскетбалісткі „Гарызонта” святкавалі першую перамогу на групавым этапе розыгрышу Еўракубка. У заключным матчы першага круга групы С чэмпіёнкі Беларусі абыгралі на выездзе польскі „Люблін” з розніцай у 12 балаў – 62:50. Лепшай у складзе пераможцаў стала Анастасія Верамеенка, у актыве якой 21 ачко, 10 падбораў і 4 перадачы. На старце турніру „Гарызонт” саступіў на сваёй пляцоўцы баскетбалісткам турэцкага клуба „Мерсін” – 55:78, а потым прайграў у гасцях яшчэ аднаму польскаму клубу „Гожуў” з лікам 58:80.
Валейбалісты „Шахцёра” саступілі балгарскаму „Хебару” ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Валейбалісты салігорскага „Шахцёра” саступілі балгарскаму „Хебару” ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў з лікам 1:3. Першы матч двух калектываў завяршыўся перамогай „Шахцёра” – 3:2, і салігарчан задавольвала перамога з любым лікам. У выпадку паразы 2:3 лёс паядынку вырашаўся б у „залатой” партыі. Самым выніковым гульцом матчу у „гарнякоў” стаў Павел Аўдочанка, які набраў 19 ачкоў.
Перамогі „Нёмана”, „Віцебска” і „Ліды” – чарговы тур экстралігі
У чарговым матчы рэгулярнага сезона экстралігі аршанскі „Лакаматыў” на хатнім лёдзе саступіў „Лідзе” з лікам 1:3. «Лакаматыў» пацярпеў трэцюю паразу ў апошніх чатырох сустрэчах. „Ліда” перапыніла серыю з пяці гасцявых паразаў запар. „Віцебск” абыграў „Брэст” з лікам 4:3. Наваполацкі „Хімік” ў авертайме саступіў гарадзенскаму „Нёману” 2:3.
„Барселона” заплаціць адзін мільён еўра „Аль-Саду” за Хаві
„Барселона” заплаціць адзін мільён еўра „Аль-Саду” у якасці адступных за галоўнага трэнера катарскага клуба Хаві, паведамляе Sport.es. Паводле інфармацыі крыніцы, Хаві і „Барселона” ужо дасягнулі дамоўленасці аб заключэнні пагаднення. Разам з 41-гадовым спецыялістам у Іспанію прыбудзе яго трэнерскі штаб. Тым часам „Барселона” прызначыла выканаўцу абавязкаў трэнера пасля звальнення Роналда Кумана. Ім стаў Серхі Бархуан, які ўзначальваў „Барселону Б”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
