„Мяшкоў Брэст” прайграў „Матору” у першым матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” няўдала правялі першы матч 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. У Запарожжы чэмпіёны Беларусі саступілі мясцоваму „Матору” – 30:32.
У першай палове сустрэчы берасцейцы дапускалі вельмі шмат памылак у атацы, дазволіўшы супернікам закінуць некалькі лёгкіх мячоў у хуткіх адрывах. Да перапынку перавага гаспадароў склала тры галы – 15:12. У другім тайме госці прыклалі нямала намаганняў, але сысці ад паразы ім не ўдалося. Самым выніковым у складзе беларускай каманды стаў Максім Баранаў, які закінуў 9 мячоў. Беларускі легіянер украінскага чэмпіёна Барыс Пухоўскі закінуў 4 мячы, у актыве Вячаслава Бохана на гол менш. Сустрэча ў адказ адбудзецца ў Берасці 8 красавіка.
Марына Слуцкая заняла 7-е месца на турніры па дзюдо серыі „Вялікага шлема”
Беларуска Марына Слуцкая заняла 7-е месца на турніры па дзюдо серыі „Вялікага шлема” ў Тбілісі. Мінчанка, якая выступае ў вагавай катэгорыі звыш 78 кг, у першай сутычцы датэрмінова перамагла іспанку Сару Альварэз. Аднак затым яна была вымушана прызнаць перавагу партугальскай дзюдаісткі Рашэль Нуньез. Атрымаўшы права на ўдзел у суцяшальным турніры, беларуска саступіла ізраільцянцы Раз Хершко.
Што тычыцца астатніх спартоўцаў з Беларусі, то яны спыніліся на далёкіх подступах да медалёў. У стартах мужчын ўжо пасля першага паядынку завяршыў выступы Дзмітрый Шэршань у вазе 66 кг.
Аляксандр Вахавяк у вазе звыш 100 кг спачатку выйграў у канадца Марка Дэшэнэ, але затым быў вымушаны прызнаць перавагу Гелы Заалішвілі з Грузіі. Ягор Кухарэнка ў той жа вагавай катэгорыі стартаваў з перамогі над чарнагорцам Анто Дубрэта і саступіў кубінцу Эндзі Гранда.
У стартах жанчын Ксенія Даніловіч і Ульяна Мінянкова ў вазе 52 кг прайгралі ў першых жа паядынках.
Андрэй Касціцын адправіўся гіпсаваць руку ў першы дзень збораў нацыянальнай каманды
Андрэй Касціцын траўмаваўся перад зборамі нацыянальнай каманды ў рамках падрыхтоўкі да чэмпіянату свету-2021. 36-гадовы нападнік адправіўся гіпсаваць руку, паведамляе hockey.by.
Таксама з-за розных пашкоджанняў не могуць працаваць з камандай Яўген Лісавец і Уладзіслаў Кадола.
Світоліна прайграла першай ракетцы свету ў паўфінале турніру ў Маямі
Першая ракетка Украіны Эліна Світоліна завяршыла выступы на турніры WTA 1000 у Маямі. У матчы 1/2 фіналу украінка, пад пятым нумарам, саступіла лідару сусветнага рэйтынгу аўстралійцы Эшлі Барці, якая перад матчам, безумоўна, была фаварыткай, але ўсё ж чакалася, што Эліна зможа пазмагацца. На справе стварыць праблем аўстралійцы не атрымалася, Эшлі выйграла вельмі ўпэўнена, нават нягледзячы на праблемы са здароўем, і перамагла – 6:3, 6:3.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: meshkovbrest.by