„Мяшкоў Брэст” саступіў „Ольбаргу” ў матчы гандбольнай Лігі чэмпіёнаў



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” саступілі ў гасцявой сустрэчы групавога раўнду Лігі чэмпіёнаў супернікам з дацкага „Ольбарга” – 33:34.

Берасцейцы годна глядзеліся на фоне фіналістаў леташняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў і былі блізкія да таго, каб нарэшце папоўніць сваю скарбонку ачкамі. У складзе берасцейцаў Батыст Банфон вызначыўся восем разоў.

„Гомель” разграміў „Кронан”

„Гомель” разграміў „Кронан” у матчы мужчынскага чэмпіянату Беларусі па гандболе – 40:28. У складзе пераможцаў Эдуард Яраш закінуў 9 мячоў, а ў складзе гарадзенскага клуба Андрэй Васільчык вызначыўся 8 разоў.  Пасля 7 тураў лідыруе «Мяшкоў Брэст» у якога 14 ачкоў, у СКА столькі ж ачкоў але на адну гульню больш, на трэцім месцы магілёўскі «Машэка», на чацвёртым – Гомель, на мятым – БДУФК-СКА, а замыкае табліцу «Кронан», які пакуль не набраў у чэмпіянаце ніводнага ачка.

Баскетбалісты „Цмокі-Мінск” перамаглі „Перыстэры” ў матчы Кубка ФІБА

Баскетбалісты „Цмокі-Менск” выйгралі ў „Перыстэры” у матчы групавога раунда Кубка ФІБА. Проціборства беларускага і грэцкага клубаў завяршылася ў авертайме з лікам 87:85. Незадоўга да фінальнага свістка грэцкія баскетбалісты змаглі выйсці наперад 76:75. Але „Цмокі-Мінск” знайшлі ў сабе сілы зраўняць лік – 77:77. У дадатковы час дружына Станіслава Вергуна змагла знайсці ў сабе сілы і перамагчы.

Самым карысным баскетбалістам у складзе „Цмокі-Мінск” стаў Дарал Эрнандэс – гулец адзначыўся эфектыўнасцю +24, прынёс сваёй камандзе 10 пунктаў, здзейсніў 8 падбораў, зрабіў чатыры асісты, перахоп і два блокі. Наступны матч мінчукі правядуць 20 кастрычніка ў Германіі супраць нямецкага „Крайльсхайм Мерлінс”.

„Нёман” перарваў сяміматчавую пераможную серыю „Металурга”

Гарадзенскі „Нёман”  святкаваў перамогу над „Металургам” у паядынку Parimatch-Экстралігі – 5:3. Гарадзенцы перапынілі сяміматчавую пераможную серыю „ваўкоў”. „Гомель” у серыі булітаў адолеў „Брэст” 2:1 – у гэтым матчы форвард „Брэста” Аляксандр Пухлоўскі закінуў выдатны лакрос-гол. „Магілёў” быў мацнейшы за „Ліду” 3:2.

Аляксандр Паўловіч перабраўся з менскага „Дынама” ў „Юнацтва”

Форвард Аляксандр Паўловіч працягне кар’еру ў сталічным „Юнацтве”. Выхаванец гарадзенскай школы хакея большую частку кар’еры правёў у КХЛ, абараняючы колеры мінскага „Дынама”. Сумарна за „зуброў” правёў 382 матчы, зарабіўшы 68 (34 + 34) ачкоў. Аляксандр не раз абараняў колеры зборнай Беларусі. У складзе нацыянальнай каманды выступаў на чатырох чэмпіянатах свету і двух алімпійскі кваліфікацыях. За гэты час адыграў у 32 сустрэчах, адзначыўшыся 11 (7 + 4) баламі, перадае belarushockey.com.

Мальце Стрэмваль прызнаны гульцом дня ў КХЛ

Шведскі хакеіст Мальце Стрэмваль, які выступае за менскае „Дынама”, прызнаны гульцом дня ў КХЛ. У гульні супраць „Куньлунь” форвард аформіў першы хет-трык у КХЛ. Такая выніковасць паўплывала на тое, што ён атрымаў 87% галасоў заўзятараў. Усяго ў васьмі гульнях сезону за мінскае „Дынама” Мальце Стрэмваль набраў 10 (7 + 3) балаў.

Арына Сабаленка аднавіла трэніроўкі пасля COVID-19

Другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка аднавіла трэніроўкі пасля таго, як перахварэла каранавірусам. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйнай старонцы тэнісісткі ў „Інстаграме”. „Глядзіце, хто вярнуўся на корт”, – абвяшчае подпіс пад фотаздымкамі спартоўкі, якая пазіруе з ракеткай у руках. Паведамленне аб тым, што Арына Сабаленка заразілася каранавірусам і з-за гэтага не зможа выступіць на турніры WTA ў Індыян-Уэлссе, з’явілася перад стартам спаборніцтваў 3 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя